Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

АГЕЯ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Дваццаць першага дня сёмага месяца прамовіў Госпад праз Агея прарока гэтыя словы:

2 «Скажы Зарабабэлю, сыну Салаціэля, кіраўніку Юды, і першасвятару Ешуа, сыну Ёсэдэка, а таксама астатку народа:

3 “Ці застаўся хто ў вас, хто бачыў той дом у ранейшай яго славе? І як вы ўяўляеце яго цяпер? Ці не ёсць так, што ён у вачах вашых, як быццам нішто?

4 Але вось цяпер набярыся сілы, Зарабабэлю, — кажа Госпад, — набярыся сілы, першасвятару Ешуа, сыне Ёсэдэка, набярыцеся сілы, увесь народзе зямлі, — кажа Госпад Магуццяў, — ды вазьміцеся за працу, бо Я з вамі, — кажа Госпад Магуццяў, —

5 прымірэнне, якое заключыў з вамі, калі выходзілі вы з зямлі Егіпта, і Дух Мой прабываў сярод вас: дык не бойцеся!”

6 Бо вось што кажа Госпад Магуццяў: “Яшчэ адна хвілінка, і Я ўзварухну неба, і зямлю, і мора, і сухмень.

7 І страсяну ўсе народы, і прыйдуць мноствы ўсіх народаў, і напоўню дом гэты хвалою, — кажа Госпад Магуццяў.

8 Маё срэбра і Маё золата, — кажа Госпад Магуццяў.

9 Большай будзе слава дома гэтага новага, чым першага, — кажа Госпад Магуццяў, — і ў гэтым месцы дам Я супакой,” — кажа Госпад Магуццяў».

10 У дваццаць чацвёрты дзень дзевятага месяца, у другі год валадарання Дарыя прамовіў Госпад да прарока Агея, кажучы:

11 гэта кажа Госпад Магуццяў: «Спытайся ў святароў пра закон і кажы:

12 “Калі будзе несці чалавек асвячонае мяса ў крысе адзення свайго і краем яго дакранецца да хлеба, або да чаго-небудзь варанага, або да віна, або да алею, або да якой-небудзь ежы, ці тады будзе асвячоны?”» На гэта ж святары адказалі: «Не».

13 Ды Агей запытаўся далей: «Калі апаганены трупам дакранецца да якой з гэтых рэчаў, ці будуць яны апаганены?» І святары адказалі і сказалі: «Будзе гэта нячыстым!»

14 І адказаў Агей, і казаў: «Такі гэта народ, і такое гэта племя перад абліччам Маім, — кажа Госпад, — і такая ўся дзейнасць рук іх, і ўсё, што складаюць там у ахвяру, апаганена».

15 І зараз разважце ў сэрцах вашых ад гэтага дня і далей: перш чым пакласці камень на камень у святыні Госпада, чым вы былі?

16 Калі прыходзілі да стога, што мог прыносіць дваццаць мер, было толькі дзесяць; калі прыходзілі да выціскальні, каб выціснуць пяцьдзесят мер, было дваццаць.

17 «Гэта Я гарачым ветрам, і засухай, і градам пакараў вас і ўсю працу рук вашых, і не знайшоўся ні адзін з вас, хто б навярнуўся да Мяне, — кажа Госпад.

18 Разважце ў сэрцах вашых час ад гэтага дня і на будучыню, ад дваццаць чацвёртага дня дзевятага месяца, ад дня, калі быў пакладзены падмурак святыні Госпада; разважце ў сэрцах вашых.

19 Ці ёсць яшчэ насенне ў свірнах? І ці ёсць яшчэ вінаград; і дрэва фігавае, і дрэва гранатавае, і дрэва аліўкавае ці далі плод? Ад гэтага дня буду Я дабраслаўляць!»

20 І другі раз прамовіў Госпад да Агея ў дваццаць чацвёрты дзень месяца, кажучы:

21 «Скажы Зарабабэлю, правіцелю Юды, кажучы: “Я ўстрасу неба і разам зямлю,

22 і перавярну пасад царстваў, і сатру магутнасць царстваў народаў, і перавярну калясніцу і яе вершнікаў; і ўпадуць коні і іх коннікі, кожны пакараны мечам брата свайго.

23 У той дзень, — кажа Госпад Магуццяў, — вазьму цябе, слуга Мой Зарабабэлю, сыне Салаціэля, — кажа Госпад, — і зраблю з цябе як бы пячаць, бо выбраў цябе”, — кажа Госпад Магуццяў».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы