АГЕЯ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 У другі год царавання Дарыя, у першы дзень шостага месяца, Госпад прамовіў праз прарока Агея да Зарабабэля, сына Салаціэля, кіраўніка Юды, і да першасвятара Ешуа, сына Ёсэдэка, кажучы: 2 «Вось што кажа Госпад Магуццяў, прамаўляючы: “Народ гэты кажа: не прыйшоў яшчэ час будаваць дом Госпадаў”». 3 І прамовіў Госпад праз прарока Агея, кажучы: 4 «Ці ж вам час жыць у дамах упрыгожаных, калі гэты дом у руінах? 5 Ды цяпер вось што кажа Госпад Магуццяў: “Разважце ў сэрцах вашых шляхі вашы: 6 вы сееце многа і збіраеце мала; ясцё і не насычаецеся; п’яце і не п’янееце; апранаецеся і не саграваецеся; і той, хто працуе, каб зарабіць, кідае плату ў дзіравы мяшэчак!” 7 Вось што кажа Госпад Магуццяў: “Разважце ў сэрцах вашых шляхі вашы. 8 Узыдзіце на гару, загатуйце дрэва і пабудуйце дом, і ён будзе Мне мілы, і ў ім буду праслаўлены, — кажа Госпад. 9 Спадзяваліся вы многа, і вось, атрымалася мала, і ўнеслі ў дом, і Я рассеяў гэта. А з якой прычыны? — кажа Госпад Магуццяў, — дзеля Майго дома, што ляжыць у развалінах, і вы кожны спяшаецеся ў дом свой. 10 Таму, вось, нябёсы замкнуты над вамі, каб не спускалі расы, і зямлі забаронена, каб не давала пладоў сваіх. 11 І Я выклікаў засуху на зямлю, і на горы, і на пшаніцу, і на віно, і на аліўкавы алей, ды на ўсё, што родзіць зямля, і на людзей, і на жывёлу, і на ўсякую працу ручную”». 12 І Зарабабэль, сын Салаціэля, і першасвятар Ешуа, сын Ёсэдэка, і ўвесь астатак народа пачулі голас Госпада, Бога свайго, і словы прарока Агея, так як Госпад, Бог іх, паслаў яго да іх; і народ праняўся страхам перад Госпадам. 13 І Агей, пасланец Госпадаў, прамовіў паводле прыказання Госпада, кажучы народу: «“Я з вамі”, — кажа Госпад». 14 Ды ўзбудзіў Госпад дух Зарабабэля, сына Салаціэля, кіраўніка Юды, і дух першасвятара Ешуа, сына Ёсэдэка, і дух усяго астатку народа; і прыйшлі яны, і ўзяліся за будаўніцтва дома Госпада Магуццяў, Бога свайго. 15 Дваццаць чацвёртага дня шостага месяца, у другі год цара Дарыя. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)