Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСУСА 23 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Калі ж мінуў доўгі час пасля таго, як Госпад даў Ізраэлю супакой ад усіх ворагаў навокал, і Ешуа быў ужо стары і ў гадах пажылых,

2 склікаў Ешуа ўвесь Ізраэль, і старэйшын, і князёў, і суддзяў, і кіраўнікоў, і сказаў ім: «Я састарэў і прыйшоў у гады пажылыя,

3 і вы бачылі ўсё, што зрабіў Госпад, Бог ваш, усім гэтым народам, і як Ён змагаўся за вас.

4 Глядзіце, вось я падзяліў між вас жэрабем як уласнасць для вашых пакаленняў тыя народы, якія трэба яшчэ заваяваць, таксама, як і ўсе, якія я вынішчыў ад Ярдана аж па Вялікае мора на захадзе.

5 Госпад, Бог ваш, разгоніць іх і прыме іх ад аблічча вашага, і вы будзеце валодаць іх зямлёю, як Ён вам абяцаў.

6 Толькі будзьце мужнымі, каб пільнаваць усё, што напісана ў кнізе закону Майсея, і не адхіляцца ад гэтага ані ўправа, ані ўлева;

7 не сябруйце з народамі, якія між вас пражываюць, і не прысягайце ў імя багоў іх, і не служыце ім, і не пакланяйцеся ім;

8 але туліцеся да Госпада, Бога вашага, як рабілі вы да гэтага дня.

9 І павыганяў Госпад на вачах вашых вялікія і наймацнейшыя народы, і ніводзін з іх не мог вам супрацівіцца,

10 адзін з вас гоніць тысячу ворагаў, бо Госпад, Бог ваш, Сам ваюе за вас, як абяцаў;

11 толькі вельмі старанна пільнуйце тое, каб любіць Госпада, Бога вашага.

12 Бо калі вы пажадаеце адысці ад вернага шляху, як тыя народы, што засталіся сярод вас, і сябраваць, і змешвацца праз шлюбы з імі,

13 то тады ведайце, што Госпад, Бог ваш, не будзе нішчыць іх перад вамі; і хай яны стануць вам сеткаю, і пасткаю, і сілом, і бізуном для вас, і калючкамі ў вачах вашых, аж пакуль не вынішчыць Ён вас з гэтай найлепшай зямлі, якую даў вам.

14 Вось, сёння я ўзыходжу на дарогу ўсяе зямлі; і вы пераканаецеся ўсёю душою, што з усіх слоў добрых, якімі прамаўляў да вас Госпад, Бог ваш, ніводнае не было пустое.

15 Але паколькі Ён на справе выканаў тое, што абяцаў, і ўсё паспяхова ажыццявілася, то Ён навядзе на вас усё ліхое, чым пагарджаў, пакуль не вынішчыць вас з гэтай найлепшай зямлі, якую даў вам.

16 Калі вы парушыце запавет Госпада, Бога вашага, які заключыў Ён з вамі, і станеце служыць багам іншым і пакланяцца ім, дык падымецца на вас гнеў Госпада і хутка вы прападзеце з гэтай зямлі найлепшай, якую Ён вам даў».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы