ІСУСА 21 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І прыйшлі кіраўнікі родаў Левіевых да Элеязэра святара, і да Ешуа, сына Нуна, і да кіраўнікоў родаў кожнага з пакаленняў сыноў Ізраэля, і паведамілі ім 2 у Сіло зямлі Ханаан, і сказалі: «Праз Майсея Госпад загадаў, каб дадзены былі нам гарады на пражыванне і наваколлі іх для выпасу жывёлы». 3 І сыны Ізраэля далі левітам са сваёй уласнасці, па загадзе Госпада, гарады тыя з іх наваколлямі. 4 І выпала жэрабя для родаў Кагата: і атрымалі сыны Аарона святара, ад пакалення Юды, і Сімяона, і Бэньяміна трынаццаць гарадоў. 5 І астатнія сыны Кагата атрымалі ад пакаленняў Эфраіма, і Дана, і паловы пакалення Манасы дзесяць гарадоў. 6 Далей сынам Гэрсона выпала жэрабем, каб атрымаць трынаццаць гарадоў ад пакаленняў Ісахара, і Асэра, і Нэфталі, і паловы пакалення Манасы ў Басане. 7 І сынам Мэрары па родах іх жэрабем выпала дванаццаць гарадоў ад пакаленняў Рубэна, і Гада, і Забулона. 8 І сыны Ізраэля аддалі левітам гэтыя гарады разам з іх наваколлямі, як загадаў Госпад праз Майсея, даючы кожнаму па жэрабі. 9 Ад пакаленняў сыноў Юды і Сімяона 10 сынам Аарона з роду Кагата, левіцкага паходжання, — бо на іх выпала першае жэрабя, — аддалі гарады, назвы якіх наступныя: 11 Карыят-Арба, бацькі Анака, які інакш называецца Геброн, на гары Юды, разам з наваколлямі яго. 12 Палі, аднак, і вёскі яго аддалі ва ўласнасць Калебу, сыну Ефоны. 13 Такім чынам, сынам святара Аарона ў Геброне далі горад для ўцёкаў і наваколлі яго, і Лебну разам з яе наваколлямі, 14 і Ятэр, і Эстэмо, 15 і Хелон, і Дабір, 16 і Аін, і Юту, і Бэтсамэс з іх наваколлямі: дзевяць гарадоў ад двух гэтых пакаленняў. 17 А ад пакалення Бэньяміна Габаон, і Габу, 18 і Анатот, і Алмат з іх наваколлямі: чатыры гарады. 19 Усіх разам гарадоў для сыноў Аарона святара трынаццаць разам з іх наваколлямі. 20 А астатнім з родаў сыноў Кагата, левітам, была дадзена наступная ўласнасць: 21 ад пакалення Эфраіма — горад для ўцёкаў Сіхэм з наваколлямі яго на гары Эфраім, і Газэр, 22 і Кібцаім, і Бэтарон з іх наваколлямі: чатыры гарады. 23 Таксама ад пакалення Дана — Эльтэк, і Габэтон, 24 і Аялон, і Гет-Рэмон з іх наваколлямі: чатыры гарады. 25 А ад паловы пакалення Манасы — Танах і Гет-Рэмон з іх наваколлямі: два гарады. 26 Усіх гарадоў з іх наваколлямі дадзена было дзесяць астатнім сынам Кагата. 27 Таксама сынам Гэрсона з роду Леві далі ад паловы пакалення Манасы горад для ўцёкаў Галан у Басане і Атарот з наваколлямі іх: два гарады. 28 Далей ад пакалення Ісахара — Кэслон, Дабэрэт, 29 і Ярмут, і Эн-Ганім з наваколлямі іх: чатыры гарады. 30 А ад пакалення Асэра — Масал, і Абдон, 31 і Хэлькат, і Рагоб з наваколлямі іх: чатыры гарады. 32 Таксама ад пакалення Нэфталі — горад для ўцёкаў Кадэс у Галілеі, і Аматдор, і Картан з наваколлямі іх: тры гарады. 33 Усіх гарадоў родаў Гэрсона — трынаццаць разам з іх наваколлямі. 34 А сынам Мэрары, астатнім левітам, далі па родах іх ад пакалення Забулона: Екнаам, і Карту, 35 і Рэмон, і Наалол з іх наваколлямі: чатыры гарады. 36 Ад пакалення Рубэна за Ярданам насупраць Ерыхона горад для ўцёкаў Басор у пустыні, і Ясу, 37 і Кадэмот, і Мэфаат: чатыры гарады з іх наваколлямі. 38 І ад пакалення Гада — горад для ўцёкаў Рамот у Галаадзе, і Маханаім, 39 і Хесебон, і Язэр: чатыры гарады з іх наваколлямі. 40 Усіх гарадоў сыноў Мэрары астатніх па родах ад родаў левітаў — дванаццаць. 41 Дык усіх гарадоў сыноў Леві паміж уладання сыноў Ізраэля было сорак восем разам з іх наваколлямі, 42 кожны горад са сваімі наваколлямі кругом. 43 І даў Госпад Ізраэлю ўсю зямлю, якую прысягнуў даць бацькам іх, і яны атрымалі яе ва ўладанне і абжыліся на ёй. 44 І даў ім Госпад супакой з усіх бакоў, і ніхто з ворагаў не адважыўся ваяваць з імі, але ўсіх ворагаў Госпад падпарадкаваў Ізраэлю. 45 І ні адно слова добрае, якое сказаў Ён дому Ізраэля, не было пустым, але ўсё споўнілася. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)