Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСУСА 18 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І ўсе сыны Ізраэля сабраліся ў Сіло, і там паставілі палатку сустрэчы, і ўся зямля пакарылася імі.

2 А засталіся з сыноў Ізраэля сем пакаленняў, якія не атрымалі сваіх уладанняў.

3 Сказаў Ешуа тым пакаленням: «Як доўга вы будзеце марудзіць і не ўступаць ва ўладанне зямлёю, якую Госпад, Бог бацькоў вашых, даў вам?

4 Выберыце з кожнага пакалення па тры чалавекі, каб я паслаў іх і каб яны падняліся, і абышлі зямлю, і раздзялілі яе паводле колькасці кожнага народа, і каб паведамілі мне пра тое, як раздзялілі.

5 Раздзяліце між сабой зямлю на сем частак: Юда хай застаецца ў сваіх межах на паўднёвым баку, і дом Язэпа — на поўначы.

6 Астатнюю зямлю падзяліце на сем частак; і прынясіце апісанне

7 бо левіты не атрымаюць часткі між вамі, але святарства Госпадава будзе іх спадчынай. А Гад, і Рубэн, і палова пакалення Манасы атрымалі ўжо свае ўладанні на ўсходнім баку за Ярданам, якія даў ім Майсей, паслугач Госпада».

8 І калі сабраліся мужчыны, каб ісці дзяліць зямлю, загадаў ім Ешуа, кажучы: «Абыдзіце зямлю і падзяліце яе, і вярніцеся да мяне, каб тут, у Сіло, у прысутнасці Госпада кінуў я дзеля вас жэрабя».

9 Дык выбраліся яны і, агледзеўшы зямлю па гарадах, раздзялілі яе на сем частак, занатоўваючы гэта ў кнізе; і вярнуліся да Ешуа ў лагер у Сіло.

10 Ешуа кінуў ім жэрабя перад Госпадам у Сіло, і падзяліў там зямлю між сынамі Ізраэля па іх частках.

11 І выпала першае жэрабя на сыноў Бэньяміна па родах іх, каб яны валодалі зямлёю між сынамі Юды і сынамі Язэпа.

12 І мяжа іх на поўнач пачыналася ад Ярдана, падымаючыся на паўночны бок Ерыхона, і потым ішла праз горы на захад і дасягала пустыні Бэт-Авэн;

13 і, праходзячы да Луза, на поўдзень — гэта Бэтэль, — сыходзіла ў Атарот-Адар на гару, што на поўдні ад ніжняга Бэтарона,

14 і адхілялася, паварочваючы да мора на поўдзень ад гары, якая на поўдні глядзіць на Бэтарон; і ў яе былі выхады на Карыят-Баал, што завецца таксама Карыят-Ярым, горад сыноў Юды: гэта заходні бок.

15 А на паўднёвым баку з боку Карыят-Ярыма мяжа ідзе ў Гасім і даходзіць аж да крыніцы водаў Нэфтоа,

16 і даходзіць да краю гары, што глядзіць на лагчыну Бэн-Гэном, якая знаходзіцца на поўначы ў крайняй частцы лагчыны Рэфаім, і сыходзіць у лагчыну Гэном ля схілу гары евусеяў на поўдзень, і даходзіць да крыніцы Рагель,

17 паварочваючы на поўнач і даходзячы да Эн-Самэса. І ідзе аж да Галіота, што насупраць узвышша Адамім і цягнецца да Абэнбаэна, сыноў Рубэна,

18 і праходзіць з паўночнага боку Бэт-Арабы і сыходзіць у Арабу.

19 І праходзіць мяжа на поўнач каля Бэтаглі; і ёсць у яе выхады ля вусця мора Салёнага ад поўначы ў канцы Ярдана. Гэта паўднёвы бок.

20 А Ярдан — мяжа ад усходу. Гэта — уладанне сыноў Бэньяміна па яго межах навокал па родах іх.

21 І былі гарады яго: Ерыхон, і Бэтагла, і Амэк-Касіс,

22 і Бэт-Араба, і Сэмараім, і Бэтэль,

23 і Авім, і Фара, і Офра,

24 і Кафарэмон, і Офні, і Габа; дванаццаць гарадоў з навакольнымі вёскамі.

25 Габаон, і Рама, і Бэрот,

26 і Міцпа, і Кафіра, і Моца,

27 і Рэкэм, і Ярафел, і Тарала,

28 і Сэла, Элеф, і Евус, інакш Ерузалім, Габа і Карыят: чатырнаццаць гарадоў з іх вёскамі. Гэта ўладанне сыноў Бэньяміна па родах іх.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы