Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСУСА 13 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Ешуа састарэў і быў у гадах пажылых, і сказаў яму Госпад: «Ты састарэў і ты ў гадах пажылых; і да гэтай пары ёсць найвялізнейшая зямля, што яшчэ не занятая.

2 Гэта, відавочна, уся Галілея, край філістынцаў, і ўвесь Гэсур,

3 ад Сіхора, што на ўсход ад Егіпта, аж да межаў Акарона на поўнач, зямля Хананейская, што падзяляецца паміж пяццю князямі філістынскімі з Газы, Азота, Аскалона, Гета і Акарона і гевеямі на поўдні;

4 і ўся зямля Ханаан, ад Мэрары Сідонскай аж да Афэка і межаў амарэяў;

5 і зямля Гібла, і ўвесь Лібан на ўсходзе ад Баалгада, што ля падножжа гары Гэрмон, аж да ўваходу ў Эмат,

6 усе, што жывуць на гары ад Лібана аж да Мацэрэфота на захадзе, усе сідонцы. Я выганю і знішчу іх перад сынамі Ізраэля. Толькі жэрабем падзялі зямлю між сынамі Ізраэля ў спадчыну, як Я загадаў табе.

7 І цяпер падзялі гэтую зямлю ва ўладанне дзевяці пакаленням і палове пакалення Манасы».

8 Пакаленне Рубэна і пакаленне Гада з другою паловай пакалення Манасы валодалі зямлёю, якую даў ім Майсей, паслугач Госпада, на ўсходнім баку за ракой Ярданам:

9 ад Араэра, што ляжыць на беразе ручая Арнон, і горада ў сярэдзіне даліны, якую даў ім Майсей, паслугач Госпада, і да ўсёй раўніны ад Мэдабы і да Дыбона;

10 і ўсімі гарадамі Сэгона, цара амарэйскага, які цараваў у Хесебоне, аж да межаў сыноў Амона;

11 і Галаадам, і межамі з Гэсурам і Маахам, і ўсёю гарою Гэрмон, і ўсім Басанам аж да Сальхі,

12 усім царствам Ога, які цараваў у Басане, Астароце і Эдраі, — сам ён быў апошнім з рэфаімаў; і Майсей пабіў іх і знішчыў.

13 Але сыны Ізраэля не выгналі сыноў Гэсура і Мааха, і жывуць яны сярод Ізраэля па сённяшні дзень.

14 Толькі пакаленню Леві не дадзена ўласнасці, але ахвяры Госпаду, Богу Ізраэля, — гэта яго спадчына, як абвясціў яму Госпад.

15 Майсей даў пакаленню сыноў Рубэна ўласнасць адпаведна іх родам.

16 І была іх мяжа ад Араэра, што на беразе ручая Арнон, і ад горада ў сярэдзіне даліны таго ж ручая, і ўся раўніна аж да Мэдабы,

17 Хесебон і ўсе яго гарады, што на раўніне: Дыбон, і Бамот-Баал, і Бэт-Баал-Мэон,

18 Яса, Кадэмот і Мэфаат,

19 Карыятаім, і Сабама, і Сэрэт-Гэссахар на гары на раўніне,

20 Бэт-Пэгор і схілы Пісгі, і Бэт-Есімот,

21 і ўсе гарады на раўніне, і ўсё царства Сэгона, цара амарэйскага, які цараваў у Хесебоне, якога забіў Майсей, яго і кіраўнікоў мадыянскіх: Эвія, Рэкема, і Сура, і Гура, і Рэбу, князёў Сэгона, жыхароў той зямлі.

22 І варажбіта Балаама, сына Бэора, забілі сыны Ізраэля мечам разам з іншымі забітымі.

23 Мяжой зямлі сыноў Рубэна была рака Ярдан. Гэта ўласнасць сыноў Рубэна па іх родах, іх гарады і навакольныя вёскі.

24 І даў Майсей уласнасць пакаленню Гада, сынам Гада адпаведна іх родам, мяжа якой такая:

25 Язэр, і ўсе гарады Галаада, і палова зямлі сыноў Амона аж да Араэра, што насупраць Рабы;

26 і ад Хесебона аж да Рамот-Міцпы, і Бэтаніма і ад Маханаіма аж да межаў Ладабара,

27 таксама ў даліне Бэтаран, і Бэтнэмра, і Сукот, і Сафон, астатняя частка царства Сэгона, цара Хесебона; Ярдан і мяжа аж да крайняй часткі мора Кінэрэт за Ярданам на ўсходнім баку.

28 Гэта спадчына сыноў Гада па родах іх, гарады з навакольнымі вёскамі.

29 Майсей даў спадчыну і палове пакалення сыноў Манасы адпаведна іх родам:

30 Манаса — ад Маханаіма ўвесь Басан, усё царства Ога, цара Басана, і ўсе пасяленні Яіра, што ў Басане, шэсцьдзесят гарадоў;

31 і палову Галаада, і Астарот і Эдраі, гарады царства Ога ў Басане, займелі сыны Махіра, сына Манасы, палова сыноў Махіра па сваіх родах.

32 Гэтую ўласнасць падзяліў Майсей на раўнінах Мааба за Ярданам насупраць Ерыхона, на ўсходнім баку.

33 А пакаленню Леві не даў уласнасці, бо Госпад, Бог Ізраэля, Ён Сам — яго ўласнасць, як Ён яму сказаў.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы