ІСАІ 9 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 У даўнія часы аддаў [Госпад] на занядбанне зямлю Забулона і зямлю Нэфталі; а ў наш час праславіць Ён дарогу да мора праз Ярдан, Галілею паганскую. 2 Народ, які жыў у цемры, святло ўбачыў вялікае: для жыхароў у краіне засені смерці святло заззяла. 3 Памножыў Ты радасць і павялічыў весялосць. Радуюцца яны перад Табою, як радуюцца ў пару жніва, як цешацца, калі дзеляць здабычу. 4 Бо зламаў Ты ярмо цяжару яго, і палку над спіной яго, і жазло ката яго, як у дзень мадыянцаў. 5 Бо кожны бот таго, хто прыходзіць з вайною, і адзенне, залітае кравёю, пойдзе на спаленне, на спажыццё агню. 6 Бо нарадзілася нам Дзіця, дадзены Сын нам, і ўладарніцтва на Яго плячах; і назавуць Яго імем: дзівосны Дарадца, Бог моцны, Айцец вечнасці, Князь міру. 7 Вялікае будзе Яго валадаранне, і не будзе канца супакою на пасадзе Давіда, і над Яго царствам, каб Ён умацаваў яго і ўгрунтаваў на законе і справядлівасці адгэтуль і навечна: руплівае апекаванне Госпада Магуццяў учыніць гэта. 8 Паслаў Госпад слова на Якуба, а ўпала яно на Ізраэль. 9 І даведаецца ўвесь народ: эфраімцы і жыхары Самарыі, якія кажуць з пыхаю і ганарыстасцю сэрца: 10 «Цагліны разваліліся — дык адбудуем з часанага каменя; сікаморы ссечаны — дык заменім кедрамі!» 11 Але Госпад падняў ворагаў на яго ды непрыяцеляў яго абудзіў: 12 сірыйцаў ад усходу, а філістынцаў з захаду, якія жэрлі Ізраэль поўнай пашчай. Па ўсім гэтым не спыніўся гнеў Яго і рука Яго ўсё яшчэ выцягнута. 13 І народ не павярнуўся да Таго, Хто б’е яго, не пачалі яны шукаць Госпада Магуццяў. 14 І адрэзаў Госпад Ізраэлю галаву і хвост, у адзін дзень — пальму і трыснёг. 15 Старэйшына і магнат — гэта галава, а хвост — гэта прарок, які навучае ашуканству. 16 Правадыры гэтага народа — зводнікі, і тыя, кім яны кіравалі, загінулі. 17 Таму Госпад не пашкадуе яго юнакоў, ані злітуецца над яго сіротамі і ўдовамі; бо кожны — бязбожны і ліхі, і кожныя вусны гавораць глупства. Па ўсім гэтым не спыніўся гнеў Яго, а рука Яго аж дагэтуль выцягнута. 18 Разгарэлася бязбожнасць, быццам пажар, які з’ядае калючкі і церні; і ўспыхвае ў гушчары лесу, і круцяцца клубы дыму. 19 Ад гневу Госпада Магуццяў загараецца зямля, і народ — быццам пажыва для агню, чалавек не шкадуе брата свайго. 20 І паглынае ён праваруч, але церпіць голад; з’ядае леваруч — і не наядаецца; кожны жарэ цела блізкага свайго: 21 Манаса — Эфраіма, а Эфраім — Манасу, і разам яны — супраць Юдэі. Па гэтым усім не спыніўся гнеў Яго, але рука Яго аж дагэтуль выцягнута. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)