ІСАІ 8 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І сказаў мне Госпад: «Вазьмі сабе вялікую таблічку і напішы на ёй звычайнымі прыладамі: “Магер Салал Гас Бас”». 2 І я ўзяў сабе верных сведкаў: святара Урыю і Захарыю, сына Барахіі, 3 і прыступіўся я да прарочыцы. Яна пачала і нарадзіла сына. Дык сказаў Госпад мне: «Назаві яго імем Магер Салал Гас Бас, 4 бо, перш чым юнак навучыцца выгаворваць “тата” і “мама”, занясуць багацці Дамаска і даніну Самарыі цару асірыйцаў». 5 Зноў Госпад прамовіў да мяне гэтыя словы: 6 «Таму што народ гэты пагардзіў водамі Сіло, якія цякуць спакойна, а падае духам перад Разінам і сынам Рамэліі, 7 таму вось: Госпад навядзе на іх магутныя і шматлікія воды ракі — цара асірыйцаў і ўсю яго славу; і разальецца на ўсе рэчышчы свае, і выльецца з усіх берагоў сваіх, 8 і пацячэ праз Юдэю, перапаўняючыся і разліваючыся, і дасягне аж шыі. І будзе прасцяг крылаў яе на ўсю шырыню зямлі тваёй, о Імануэлю!» 9 Падыміце крык, народы, устрывожцеся і слухайце, усе далёкія землі: узбройвайцеся і трымціце, узбройвайцеся і трымціце! 10 Зрабіце нараду, і яна рассыплецца, скажыце слова, і яно не споўніцца, бо Бог з намі. 11 Гэта вось сказаў Госпад мне, калі схапіў мяне рукою і перасцярог, каб не ішоў дарогаю гэтага народа, кажучы: 12 «Не называйце змовай усяго таго, што народ гэты называе змовай, і пагроз яго не палохайцеся і не трывожцеся. 13 Госпада Магуццяў адзінага ўсвячайце, Ён — ваш страх, і Ён — ваша трымценне. 14 Ён будзе на святасць, каменем спатыкнення і скалой згаршэння абодвум дамам Ізраэля, пасткай і сілом для жыхароў Ерузаліма. 15 Многія з іх спатыкнуцца, упадуць і разаб’юцца, трапяць у сіло ды будуць зняволены. 16 Замацуй сведчанне, запячаткуй закон сярод вучняў маіх». 17 І буду чакаць Госпада, Які хавае аблічча Сваё ад дому Якуба, я буду спадзявацца на Яго. 18 Вось, я і дзеці, якіх даў мне Бог на знак і на прадказанне Ізраэлю ад Госпада Магуццяў, Які пражывае на гары Сіён. 19 А калі вам скажуць: «Пытайцеся ў вешчуноў і варажбітоў, якія свішчуць і мармычуць», — ці ж народ не даведваецца ад Бога свайго? Хіба ад памерлых пра жывых? 20 Да закону [звяртайцеся] і да сведчання! А калі не будуць казаць паводле слова гэтага, не будзе для іх святла зараніцы. 21 А будзе ён бадзяцца па зямлі ў здзеку і галодны: а калі спазнае голад, будзе злавацца, пачне праклінаць цара свайго і Бога свайго. 22 І спагляне ўгару, а потым паглядзіць на зямлю: і вось, тут бяда і змрок, туман прыгнятаючы і цемра непраглядная. Аднак не будзе болей туману там, дзе быў прыгнёт. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)