Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСАІ 7 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І сталася ў дні Ахаза, сына Ёатама, сына Озіі, цара Юдэйскага, пайшоў Разін, цар Сірыйскі, і Фацэй, сын Рамэліі, цар Ізраэльскі, на Ерузалім, каб ваяваць супраць яго; і не змаглі здабыць яго.

2 І паведамілі яны дому Давідаву, кажучы: «Сірыя стаіць лагерам у Эфраіме!» Затрэслася тады сэрца цара і сэрца яго народа, як трасуцца дрэвы ў лесе ад ветру.

3 Госпад жа сказаў Ісаі: «Выйдзі насустрач Ахазу ты і твой сын Сэар-Ясуб на канец канала Верхняй крыніцы, на дарогу Поля Валюшніка,

4 і скажы яму: “Глядзі, каб маўчаў, не палохайся і хай тваё сэрца не трывожыцца дзеля гэтых двух хвастоў дымных галавешак, з прычыны шалёнай злосці Разіна, і Сірыі, і сына Рамэліі,

5 якія, Сірыя і сын Рамэліі, сумесна з Эфраімам уступілі ў падступную змову супраць цябе, кажучы:

6 “Нападзём на Юду, напалохаем яе, далучым яе да сябе і паставім у ёй царом сына Табээля!”

7 Вось што кажа Госпад Бог: “Не станецца і не будзе!

8 Бо сталіца Сірыі — Дамаск, а галава Дамаска — Разін. Яшчэ вось шэсцьдзесят пяць гадоў, і Эфраім перастане быць народам,

9 ды сталіца Эфраіма — Самарыя, а галава Самарыі — сын Рамэліі. Калі не будзеце верыць, не ўцалееце”».

10 І зноў пачаў прамаўляць Госпад да Ахаза, кажучы:

11 «Прасі сабе знака ў Госпада, Бога твайго: ці то ў глыбіні апраметнай, ці высока ўгары».

12 Ды адказаў Ахаз: «Не буду прасіць ды спакушаць Госпада».

13 Тады сказаў Ісая: «Дык слухайце, дом Давідаў: ці ж мала вам, што дакучаеце вы людзям, бо ўжо надакучылі вы і Богу майму.

14 Дзеля таго дасць вам Сам Госпад знак. Вось жа, Дзева панясе ва ўлонні і народзіць Сына, і назавуць імя Яго: Імануэль.

15 Масла і мёд будзе Ён есці, каб умеў адкідаць ліхоцце, а выбіраць дабро.

16 Бо перш чым навучыцца Дзіця адкідаць ліхоцце, а выбіраць дабро, будзе спустошана зямля, двух цароў якой ты збаяўся.

17 Госпад навядзе на цябе, і на народ твой, і на дом бацькі твайго дні, якіх не было ад дзён адлучэння Эфраіма ад Юды, — цара асірыйцаў.

18 І будзе ў той дзень так: свістам пакліча Госпад муху пры вусці рэк Егіпта, і пчалу, якая ў зямлі Асур,

19 і прыляцяць, і сядуць на ўсіх у рачных долах і ў развалінах скал, і на ўсіх калючых кустах ды на ўсіх выганах.

20 У той дзень паголіць Госпад брытваю, пазычанаю з краіны за ракой, — царом асірыйцаў, — галаву і валасы на нагах, а таксама і бараду абголіць.

21 І будзе ў той дзень так: чалавек будзе гадаваць ялаўку і дзвюх авечак,

22 а дзеля вялікага ўдою малака будзе есці масла. Сапраўды, кожны, хто застанецца на зямлі, будзе есці масла і мёд.

23 І будзе ў той дзень так: кожнае месца, дзе будзе тысяча вінаградных лоз вартасцю тысячу срэбранікаў, стане калючкамі і цернем.

24 Увойдуць туды са стрэламі і лукамі, бо ўся зямля будзе калючкамі і цернем.

25 А ў горы ўсе, якія абрабляліся матычкай, ніхто не пойдзе, баючыся калючак і церняў; прыдадуцца яны на выпас валоў ды на таптанне жывёлы».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы