ІСАІ 65 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 «Мяне знайшлі тыя, што не шукалі Мяне; адшукалі Мяне тыя, якія не пыталіся пра Мяне. Я сказаў: “Вось жа Я, вось жа Я!” да народа, які не прызываў імя Маё. 2 Увесь дзень працягваў Я рукі Мае да народа бунтоўнага, які ішоў па нядобрай дарозе ўслед за сваімі задумамі; 3 народ, які правакуе Мяне да гневу перад абліччам Маім заўсёды, яны прыносяць ахвяры ў садах ды складаюць іх на цэгле. 4 Яны прабываюць у грабніцах, начуюць у патаемных месцах, яны ядуць свіное мяса і нячыстыя стравы ў сваім посудзе, 5 яны кажуць: “Адыдзіся! Не набліжайся да мяне, бо магу [незнарок] пасвяціць цябе”. Яны — дым у Маіх ноздрах, агонь, які гарыць увесь дзень. 6 Вось, напісана перада Мной; не буду маўчаць, але аддам, ды аддам у [самае] нутро 7 за вашы ліхоцці і за ліхоцці бацькоў вашых разам, — кажа Госпад; яны складалі ахвяры на гарах ды зневажалі Мяне на ўзгорках. Дык адмераю найперш іх справу ў нутры іх». 8 Гэта кажа Госпад: «Як, калі сок знаходзяць у вінаграднай гронцы і кажуць: “Не знішчай яго, бо ў ім — дабраславенне”, — падобна зраблю дзеля Маіх паслугачоў, каб не знішчыць усяго. 9 Я з Якуба выведу патомства, з Юды — уладальніка гор Маіх, і выбраннікі Мае успадкаемяць зямлю, а слугі Мае будуць там пражываць. 10 І стане Сарон выганам для статкаў, а лагчына Ахор — месцам спачынку для валоў, на карысць народу Майму, якія шукалі Мяне. 11 А вам, якія пакінулі Госпада, якія забыліся пра святую Гару Маю, і накрываеце сталы ў гонар Гада, і амфару запаўняеце ў гонар Мэні, 12 вас прызначу пад меч; і ўсе папрападаеце ў разні за тое, што клікаў вас, а вы не адказвалі, гаварыў, а вы не чулі, а дапускаліся ліхоцця ў Мяне на вачах ды выбралі тое, што Мне не падабалася». 13 Вось чаму гэта кажа Госпад Бог: «Вось жа, паслугачы Мае будуць есці, а вы будзеце галадаць; вось, паслугачы Мае будуць піць, а вы будзеце цярпець смагу; вось, паслугачы Мае будуць цешыцца, а вы будзеце саромецца; 14 вось жа, паслугачы Мае спяваць будуць хвалебна, у радасці сэрца, а вы крычаць будзеце з болю сэрца і будзеце галасіць, прыгнечаныя духам. 15 І пакінеце імя сваё Маім выбраным на пракляцце: “Хай заб’е цябе Госпад Бог”, і слуг Сваіх назаве Ён іншым імем: 16 калі хто ім будзе дабраслаўляць сябе на зямлі, будзе дабраслаўляцца Богам праўды. А калі хто будзе прысягаць на зямлі, будзе прысягаць Богам праўды, бо ранейшыя прыгнёты аддадуцца на забыццё і будуць закрытымі ад вачэй Маіх. 17 Бо Я, вось, ствару новыя нябёсы і новую зямлю, не будуць успамінацца ранейшыя падзеі, нават на думку яны не прыйдуць. 18 Але будуць радавацца і весяліцца назаўсёды з таго, што Я ствараю: бо, вось, Я ствараю з Ерузаліма весялосць і з яго народа — радасць. 19 Буду радавацца з Ерузаліма і буду цешыцца з Майго народа і не пачуецца ў ім больш голас плачу і голас наракання. 20 Не будзе ўжо там немаўляці некалькіх дзён, і старога, які б не споўніў сваіх дзён, бо наймалодшы памрэ як стогадовы, а хто не дасягне ста гадоў, будзе знакам праклёну. 21 І пабудуюць дамы, і жыць будуць, і развядуць вінаграднікі, і будуць есці іх плады. 22 Не будуць будаваць, каб хто іншы ў іх пражываў, не будуць садзіць, каб хто іншы спажываў. Бо на ўзор даўгавечнасці дрэва будзе даўгавечнасць Майго народа і Мае выбраннікі доўга карыстацца будуць з плёну рук сваіх. 23 Не будуць працаваць надарма, ані радзіць дзяцей на заўчасную загубу, бо патомствам, дабраславёным Госпадам, ёсць яны самі і патомкі іх разам з імі. 24 Ды будзе так: перш чым паклічуць, Я адкажу; калі яшчэ гаварыць будуць, Я выслухаю. 25 Воўк і ягнятка будуць пасвіцца разам, ды леў, як і вол, будзе салому есці, а ежаю змяі будзе парахно; не будуць шкодзіць, ані забіваць па ўсёй Маёй святой гары», — кажа Госпад. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)