Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСАІ 6 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 У год, у якім памёр цар Озія, бачыў я Госпада, Які сядзеў на высокім і паднятым пасадзе, а фрэнзлі Яго шатаў запаўнялі святыню.

2 Серафіны стаялі каля Яго, кожны з іх меў па шэсць крылаў. Двума закрываў аблічча сваё, а двума закрываў ногі свае, а на двух лятаў.

3 І ўсклікаў адзін да аднаго, і гаварыў: «Святы, святы, святы Госпад, Бог Усемагутны, — уся зямля поўная славы Тваёй!»

4 І зварухнуліся верхнія перакладзіны дзвярэй ад голасу гамонячага, і дом напоўніўся дымам.

5 Тады я сказаў: «Гора мне! Я загінуў! Бо я чалавек нячысты вуснамі і жыву я сярод народа, які мае нячыстыя вусны, а вачамі сваімі бачыў Валадара, Госпада Магуццяў!»

6 І падляцеў да мяне адзін з серафінаў, і ў руцэ яго — вугаль, які шчыпцамі ўзяў з ахвярніка,

7 і дакрануўся ім да вуснаў маіх, і сказаў: «Вось жа, дакрануўся ён да вуснаў тваіх, і знікне правіннасць твая і будзе ачышчаны грэх твой».

8 Прытым пачуў я голас Госпадаў, Які казаў: «Каго маю паслаць? Ды хто ад нас пойдзе?» А я адказаў: «Вось я, пашлі мяне».

9 А Ён сказаў: «Ідзі да народа гэтага і скажы ім: “Пільна слухайце, і не зразумееце, пільна ўглядайцеся, і не ўбачыце”.

10 Бо закамянела сэрца народа гэтага, і вушамі слаба чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб часам не пабачыць вачамі, і не пачуць вушамі, і не зразумець сэрцам, ды не навярнуцца, і каб Я іх не аздаравіў».

11 Тады я спытаў: «Як доўга, Госпадзе?» Ён адказаў: «Пакуль не апусцеюць гарады без жыхароў і дом без чалавека, ды пакуль зямля зусім не апусцее».

12 І далёка адкіне Госпад людзей, і будзе вялікая пустэча пасярод краіны;

13 І, калі нават застанецца у ёй дзесятая частка, яна зноў будзе аддадзена на вынішчэнне; як тэрэбініт або як дуб, ад якіх, калі іх ссякуць, штосьці трывалае застаецца. Святым насеннем будзе тое, што застанецца пасля яго.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы