Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСАІ 57 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 «Справядлівы гіне, і няма нікога, хто б прыняў да сэрца; і міласэрныя людзі знікаюць, але няма нікога, хто б гэта зразумеў: бо перад абліччам ліхоты спыняецца і справядлівы.

2 Ён выбірае мір, адпачывае ў сваім пакоі, ідзе ў сваім напрамку.

3 Вы ж прыступіцеся сюды, сыны вядзьмаркі, патомства чужаложніцы і распусніцы.

4 З каго кпіце? На каго раскрываеце вусны ды вывешваеце язык? Ці ж вы не дзеці злачынныя, патомства лжывае?

5 Вы, што палаеце сярод тэрэбінітаў пад кожным зялёным дрэвам, мардуеце дзяцей на ахвяру па ярах, у пячорах скальных?

6 У ваколіцах яра — удзельнічанне тваё, яны — доля твая; для іх выліваў вадкасці, складаў ахвяру. Ці ж з іх буду мець пацеху?

7 На гары вялікай і высокай расклала ты ляжанку сваю і туды ўзлезла, каб складаць ахвяры.

8 І паставіла свой знак памятны за ўваходам і за бэлькамі дзвярэй, бо далёка ад Мяне адкрывалася і ўзыходзіла, ды расшырыла ляжанку сваю, і заключыла дамову з тымі, ложак якіх узлюбіла і бачыць іх галізну.

9 І пайшла ты да цара з алейкам, ды павялічыла намашчэнні свае, паслала далёка сваіх пасланцоў, аж да пекла панізілася.

10 Змучылася многімі падарожжамі сваімі. А не сказала: “Дарэмна гэта!” Знайшла жыццёвую бадзёрасць, таму не аслабела.

11 Каго, хвалюючыся, баішся, што Мяне пачала падманваць ды забылася пра Мяне? Не помніш пра Мяне ў сэрцы сваім? Няўжо таму, што Я маўчу ад даўнейшага часу, ты Мяне не баішся?

12 Я абвяшчу справядлівасць тваю і ўчынкі твае, яны не дапамогуць табе.

13 Калі будзеш крычаць, хай вызваляць цябе круцельствы твае! Усе іх развее вецер, падыме паветра. А хто будзе мець надзею ўва Мне — у спадчыну возьме зямлю, і валодаць будзе гарою Маёй Святой».

14 І скажуць: «Прастуйце, прастуйце, рыхтуйце дарогу, прыміце перашкоды з дарогі “народа Майго”».

15 Бо гэта кажа Высокі і Узвышні, Які пражывае ў вечнасці, а імя Яго — святое: «На вышіні і ў святым месцы, жыву Я, ды разам з засмучанымі ды пакорнымі духам, каб ажывіць дух пакорных і ажывіць сэрца засмучанае.

16 Бо не буду вечна спрэчку весці і аж да канца гневацца, бо дух знікаў бы з-прад аблічча Майго істот жывых, якіх Я стварыў.

17 Загарэўся Я гневам і паразіў яго дзеля подлай хцівасці яго, адвярнуў аблічча Сваё і разгневаўся, ён, аднак, адышоў, блудлівы, дарогай сэрца свайго.

18 Дарогі яго бачу і вылечу яго, і вярну яго, і вярну пацеху яму і плакальшчыкам яго.

19 Ствараю Я супакой плодам вуснаў; супакой таму, хто далёка, і таму, хто блізка, — кажа Госпад, — і аздараўлю яго».

20 Бязбожнікі ж — быццам узбуранае мора, якое не можа супакоіцца, і хвалі яго выкідаюць іл і балота.

21 «Бязбожным няма супакою», — кажа Бог мой.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы