ІСАІ 53 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Хто ўверыў пачутаму ад нас, ды рука Госпада каму была аб’яўлена? 2 І вырас Ён, быццам парастак перад Ім, і як бы корань з сухой зямлі. Не было ў Ім віду ані красы, каб мы падзівіліся на Яго, і не было выгляду ў Ім, каб нам падабаўся. 3 Пагарджаны быў Ён, апошні з людзей, чалавек пакутаў, які спазнаў немач, і быццам мы закрывалі твар перад Ім; пагарджаны так, што мелі мы Яго за нішто. 4 Сапраўды, Ён узяў на Сябе немачы нашы, Ён Сам перанёс хваробы нашы; а мы думалі, што Ён пабіты, пакараны Богам і прыніжаны. 5 Дык Ён быў пакалечаны за грахі нашы, пабіты за нашы злачынствы; кара супакою нашага была на Ім, і ранамі Яго мы аздароўлены. 6 Усе мы, як авечкі, заблукалі, кожны з нас павярнуўся на дарогу сваю, а Госпад усклаў на Яго ўсю нашу несправядлівасць. 7 Здзекаваліся з Яго, але Ён Сам паддаўся і не адкрыў вуснаў Сваіх; як ягня, на зарэз ведзенае, ды як авечка маўчыць перад стрыгалямі, — не адкрыў Ён вуснаў Сваіх! 8 На прыніжэнне і суд Ён быў аддадзены. І паходжаннем Яго хто пацікавіцца? Бо з зямлі ўзята жыццё Яго, за грахі Майго народа забіты быў насмерць. 9 І прызначылі Яму паграбенне разам з бязбожнікамі, ды разам з багатымі магіла Яго, бо нікому не зрабіў крыўды і не было падману на вуснах Яго. 10 І захацеў Госпад сцерці Яго немаччу. Калі складзе Ён Сваю душу ў ахвяру, убачыць Ён даўгавечнае патомства, і воля Госпада рукою Яго споўніцца. 11 На подзвіг душы Сваёй Ён будзе глядзець з задавальненнем, насыціцца веданнем Сваім. «Слуга Мой справядлівы апраўдае многіх, і несправядлівасці іх Сам Ён будзе несці. 12 Таму аддам Яму многіх, і з моцным падзеліць Ён здабытак, за тое, што душу Сваю выдаў на смерць і ў злачынцы быў залічаны; а Ён узяў на Сябе грэх многіх, таму заступаецца за праступных». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)