ІСАІ 49 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 «Астравы, паслухайце мяне, далёкія народы, зважце. Госпад паклікаў мяне з улоння, з жывата маці маёй успомніў імя маё. 2 І зрабіў вусны мае, як востры меч; у засені рукі Сваёй прыкрыў мяне і ўчыніў мяне выдатнаю стралою, у калчане Сваім схаваў мяне 3 і сказаў мне: “Ты слуга Мой, Ізраэлю, у якім Я праслаўлюся”. 4 А я сказаў: “Надарма працаваў я без патрэбы і марна траціў свае сілы. А сапраўды, прысуд мой — з Госпадам і плата мая — з Богам маім”. 5 І цяпер кажа Госпад, Які ўфармаваў мяне з улоння маці на слугу Сабе, каб прывёў я Якуба да Яго і каб Ізраэль сабраўся да Яго: так праславіўся я ў вачах Госпада, і Бог мой стаўся крэпасцю маёй. 6 І сказаў Ён: “Замала, каб быў ты Мне слугою, каб уздымаць пакаленні Якуба і прыводзіць рэшткі Ізраэля: устанаўлю Я цябе святлом для ўсіх народаў, каб быў Ты збаўленнем аж па край зямлі”. 7 Гэта кажа Госпад, Адкупіцель Ізраэля, яго Святы да спаганенага ў душы, да абрыдлага ў паганаў, да слугі магнатаў: “Цары ўбачаць цябе і ўстануць, а князі яшчэ і паклоняцца дзеля Госпада, бо Ён верны, дзеля Святога Ізраэлева, Які выбраў цябе”. 8 Гэта кажа Госпад: “У час прыдатны выслухаў Я цябе ды ў дзень збаўлення ўспамог табе; і захаваў Я цябе, і ўстанавіў цябе заветам для народа, каб ты аднавіў зямлю ды каб раздзяліў спустошаную спадчыну; 9 каб сказаў тым, якія ўвязнены: “Выходзьце!” А тым, што ў цемры: “Пакажыцеся!” Яны будуць пасвіцца на дарогах, ды па ўсіх голых узгорках іх выган, 10 не будуць ужо галадаць ані смагнуць, і не ўдарыць іх спякота або сонца, бо кіраваць імі будзе Літасцівец іх ды павядзе іх да крыніц водаў. 11 І замяню Я горы на дарогу, а сцежкі Мае будуць паднятыя. 12 Вось жа, тыя прыходзяць здалёк, а вось гэтыя — з поўначы і ад мора, а іншыя — з краіны Сінім. 13 Слаўце, нябёсы, і радуйся, зямля! Весяліцеся з песняю, горы! Бо цешыць Госпад народ Свой і бедных Сваіх шкадуе”. 14 І сказаў Сіён: “Пакінуў мяне Госпад, і забыўся пра мяне Госпад!” 15 Ці ж можа забыцца жанчына пра дзіця сваё, каб не пашкадавала дзіцяці ўлоння свайго? Ды каб нават яна забылася, Я не забудуся пра цябе! 16 Вось, Я запісаў цябе на далонях Маіх, муры твае заўсёды перада Мною. 17 Спяшаюцца сыны твае; якія цябе бурылі і рассыпалі, выйдуць з цябе. 18 Падымі вочы свае і паглядзі навокал: усе тыя сабраліся, прыбылі да цябе. “Я жывы, — кажа Госпад, — бо ва ўсё іх ты апранешся, як бы ў каштоўнасці, і, як сужэнка, акружышся імі”. 19 Бо руіны ў цябе і пустыні ў цябе, і зямля спустошаная: цяпер ты будзеш цеснай для жыхароў; і далёка будуць тыя, хто паглыналі цябе. 20 Зноў будуць казаць у вушы твае сыны, пазбаўленыя цябе: “Завузкім ёсць для мяне месца, дай мне прастор, каб мог абжыцца”. 21 Ты скажаш у сэрцы тваім: “Хто нарадзіў Мне гэтых? Была бяздзетная і няплодная, выгнана ды ў няволю заведзена, дык хто іх выгадаваў? Вось жа, заставалася сама, а тыя дзе былі?” 22 Гэта кажа Госпад Бог: “Вось жа, падыму Я руку Сваю на паганаў ды да народаў узнясу сцяг Мой; і панясуць сыноў тваіх на руках, а дочкі твае будуць несены на плячах. 23 І цары будуць тваімі карміцелямі, а царыцы — нянькамі тваімі; пакланяцца будуць табе тварам да зямлі ды лізаць будуць пыл ля ног тваіх. Тады будзеш ведаць, што Я — Госпад: не будуць засаромлены, якія спадзяюцца на Мяне”. 24 Ці ж можна адабраць дабычу ў дужага, або тое, што захоплена, ці зможа выратавацца ад асілка? 25 Вось што кажа Госпад: “Нават і палонны ў дужага будзе адабраны, і тое, што будзе аднята ў асілка, будзе выратавана, з тымі, якія спаборнічалі з табой, Я буду спаборнічаць, і сыноў тваіх Я выратую. 26 І накармлю ворагаў тваіх іх целам, ды ўласнаю крывёю будуць упівацца, быццам маладым віном. Тады пераканаецца кожны чалавек, што Я — Госпад, Збаўца твой і Адкупіцель твой, Усемагутны Якуба”». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)