ІСАІ 32 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І, вось жа, валадар будзе валадарыць па законе, а князі кіраваць будуць па законе. 2 І будзе чалавек, як сховішча ад ветру ды прыпынак перад бурай, як ручаі водаў на засохлай зямлі або засень вялікай скалы на сухой зямлі. 3 Вочы тых, хто глядзяць, не будуць прыслеплены, а вушы тых, хто слухаюць, будуць пільна прыслухоўвацца. 4 І сэрца неразумных спасцігне мудрасць, а язык шапялявых скора будзе гаварыць і выразна. 5 Не будзе больш той, хто безразважны, называцца высакародным, ані ашуканец не будзе званы вяльможным. 6 Бо неразумны гаворыць недарэчнасці, сэрца ж яго плануе ліхоту, каб дапусціцца бязбожнасці ды гаварыць блюзнерствы супраць Бога, ды каб душу таго, хто прагне, пакінуць пустой і адабраць пітво ў сасмаглага. 7 У ашуканца ашуканствы — найгоршыя: ён бо перадумвае спосабы, каб загубіць пакорлівых словамі хлусні, хоць нават калі бедны дакажа справядлівасць. 8 Высакародны ж дасць парады высакародныя, ды сам да высакародных рэчаў імкнецца. 9 Жанчыны пустыя, устаньце, паслухайце голасу Майго. Даверлівыя дочкі, вазьміце ў вушы слова Маё! 10 За год і некалькі дзён задрыжыце, здавераныя ў сабе! Скончыўся ўжо збор віна, другі збор не прыйдзе. 11 Аслупянейце, пустыя; бойцеся, здавераныя ў сабе! Распраніцеся і станьце голымі, аперазайце клубы вашы. 12 Біце сябе ў грудзі дзеля пажаданай краіны, дзеля пладаноснага вінаградніку. 13 На зямлі народа Майго ўзыходзяць церні і калючкі, над усімі дамамі радасці, над вясёлым горадам: 14 дом бо пакінуты, мнагалюдны горад абязлюдзеў; Афэл і Баган сталіся пячорамі навек: радасцю для дзікіх аслоў, выганам для статкаў, 15 аж пакуль не будзе выліты на нас Дух з вышыні. І пустыня станецца садам, а сад за лес будзе лічыцца. 16 Тады на пустыні зажыве законнасць, а справядлівасць асядзе ў садзе. 17 Вынікам справядлівасці будзе супакой, а плодам закону — цішыня, ды бяспека — у спакон вякоў. 18 Ды жыць будзе народ Мой жыццём спакойным, і ў палатках надзейнасці, і ў месцах бяспекі. 19 І лес увесь паваліцца, а горад будзе моцна прыгнечаны. 20 Шчасныя, што сееце над усімі водамі, прыводзячы [туды] вала і асла. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)