Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСАІ 30 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 «Гора вам, сыны бунтаўнікі, — кажа Госпад, — таму што спаўняеце намеры, ды не ад Мяне, і заключаеце пагадненне, але не ў Маім духу, каб далучыць грэх да граху!

2 І выбіраецеся ў дарогу ў Егіпет, ды вуснаў Маіх не пытаецеся, спадзеючыся на падтрымку сілы фараона і надзеючыся на засень Егіпта.

3 Сіла фараона будзе вам на канфуз, а надзея на засень Егіпта будзе вам на ганьбу.

4 Бо хоць князі твае былі ў Танеі, а паслы твае дайшлі аж да Ханэса,

5 усе яны будуць пасаромлены народам, які не можа быць карысным для іх, не будзе ён ані на ўспамогу, ані на карысць, але на канфуз і на ганьбу».

6 Прысуд на жывёлу Нагэбу. Праз зямлю гора і прыгнёту, ільвіцы і рыкаючага льва, гадзіны ды лятучага дракона — нясуць на плячах жывёлін багацці свае ды на хрыбтах вярблюдаў скарбы свае да народа, які ім ніяк не зможа быць карысны.

7 Егіпет бо надарма і напуста будзе падаваць успамогу; таму называю яго Рагаб — бяздзейсны.

8 Цяпер пайдзі, напішы на табліцы і ў прысутнасці іх і старанна апішы гэта ў кніжцы, каб было на будучыню, на вечнае сведчанне.

9 Бо народ — бунтаўнічы, ды сыны — лгуны, сыны, якія не хочуць слухаць закон Госпада.

10 Яны кажуць яснавідцам: «Не глядзіце!» А прадбачлівым прарокам: «Не прадказвайце нам тых рэчаў, якія праўдзівыя, але кажыце нам тое, што падабаецца, праракуйце нам падманныя рэчы.

11 Сыдзіце з дарогі, збочце са сцежкі, прыміце з віду нашага Святога Ізраэлева».

12 Таму вось што кажа Святы Ізраэлеў: «Дзеля таго, што вы пагардзілі словам гэтым, а надзею ўсклалі на крывадушнасць і пераваротнасць, ды на іх вы абаперліся,

13 таму злачынства гэтае будзе для вас, як шчыліна, што ідзе зверху, месца разлому ў высокай сцяне, якой раскол нечаканы, неспадзяваны, адбываецца вокамгненна.

14 І растаўчэцца, як разбіваецца гляк ганчарскі разбіццём без ніякага шкадавання, і не знойдзецца ў яго частках чарапка, у які можна было б узяць вугалёк з вогнішча або зачэрпнуць вады з ямы».

15 Бо гэта сказаў Госпад Бог, Святы Ізраэлеў: «У навяртанні і супакоі будзеце збаўлены, у зацішшы і ў надзеі будзе сіла ваша». Але вы не хацелі,

16 аднак сказалі: «Ніякім чынам, але на конях уцячом», — дык уцячыце; ды: «На хуткіх памчымся», — таму будуць хуткія і тыя, што за вамі пагоняцца.

17 Тысяча спалохаецца перад пагрозаю аднаго, а ад пагрозы пецярых будзеце ўцякаць, пакуль не застанецца вас [мала], як жэрдка на версе гары ды як след на ўзгорку.

18 Таму чакае Госпад, каб злітавацца над вамі, і з той прычыны будзе ўзвялічвацца, шкадуючы вас, што Госпад — Бог справядлівасці, шчасныя ўсе, якія чакаюць Яго.

19 Бо ты, народзе на Сіёне, які жывеш у Ерузаліме, плачаш [цяпер], ды не будзеш плакаць [заўсёды]; [як цяпер] літуецца, [так] і будзе літавацца над табою, на голас просьбы тваёй, як толькі пачуе, адкажа табе.

20 І дасць вам Госпад хлеб прыгнёту і ваду бяды, але ўжо больш не аддаліцца ад цябе твой вучыцель, і вочы твае будуць бачыць настаўніка свайго.

21 А вушы твае будуць чуць за сабой слова Таго, Хто нагадвае: «Вось, гэта дарога, ідзіце па ёй», калі б часам збочылі ўправа ці ўлева.

22 Тады брыдзіцца будзеш аббіццём тваіх срэбраных балванаў ды адзеннем тваёй залатой статуі; выкінеш гэта, як брудны падклад. «Выйдзі прэч», — скажаш яму.

23 І дасць Ён дождж на пасеў твой, які засееш на зямлі, а хлеб пладоў зямлі будзе вельмі багаты і тлусты, будзе пасвіцца ў той дзень жывёла твая, ягня, на шырокіх выганах,

24 і валы твае, і аслы, што абрабляюць зямлю, будуць карміцца сачыстай мяшанкай, што правеяна лапатай і веялкай.

25 Па кожнай высокай гары і па кожным узнятым узгорку пацякуць ручаі імклівых водаў у дзень разні вялікай, калі будуць падаць вежы.

26 І будзе святло месяца як святло сонца, а святло сонечнае будзе сямікратным, быццам святло сямі дзён — у дзень, калі Госпад перавяжа раны Свайго народа і залечыць сінякі ад удараў.

27 Вось жа, імя Госпада прыходзіць здалёк, абуральны гнеў Яго і страшны Яго гром, вусны Яго перапоўнены абурэннем, і язык Яго — як агонь паглынальны.

28 Дыханне Яго — як ручай паводкавы, якога вір дасягае шыі, — на прасейванне народаў праз пагібельнае сіта, акілзы гаротныя ў сківіцах народаў.

29 Песня будзе ў вас, як пры святкаванні начной урачыстасці, і радасць сэрца — як у таго, хто спяшаецца да гукаў флейты на гару Госпада, да Скалы Ізраэля.

30 І дасць пачуць Госпад веліч Свайго голасу, і моц пляча Свайго акажа ва ўзрыве гневу і ў полымі агню пажыраючага, у віхуры, у навальніцы ды ў каменяпадзе.

31 Голасу Госпадава напалохаецца асірыец, дубцом адлупцаваны.

32 І будзе кожны ўдар палкі пабівання, які Госпад спусціць на яго, пад тымпан і цытру; і ў войнах узнятых будзе з імі змагацца.

33 Бо ад учора прыгатавана Тафэт, прыгатавана, глыбокая і шырокая, у кастры яе агонь і шмат дрэва; дыханне Госпада, як ручай серы, яе распаліць.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы