ІСАІ 22 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Прадказанне лагчыне Бачання. Што з табою, што ты ўвесь узняўся на дахі, 2 поўны крыку, горад шумлівы, горад разгуляны? Забітыя твае не палі ад меча і не памерлі на вайне. 3 Важакі твае ўсе разам уцяклі, узятыя ў палон без лука; усе, хто былі знойдзены, захоплены разам, хоць уцяклі далёка. 4 Дзеля таго сказаў я: «Адыдзіцеся ад мяне, буду горка плакаць: не старайцеся мяне пацешыць дзеля знішчэння дачкі майго народа». 5 Бо гэта дзень тлуму, стаптання і плачу ў Госпада, Бога Магуццяў, у лагчыне Бачання, зруйнавання муроў і гоману аж да гары. 6 І Элам узняў калчан, і натоўпы вершнікаў, і Кір агаліў шчыт. 7 Твае найпрыгажэйшыя лугі поўныя калясніц, а коннікі займаюць свае месцы ў браме. 8 І адкрылася заслона Юды, і ты ў той дзень звярнуў увагу на зброю ў доме з кедра. 9 І расколіны [у мурах] горада Давіда ўбачылі вы, бо іх стала многа, і сабралі вы воды Ніжняй крыніцы; 10 і пералічылі вы дамы ў Ерузаліме, і разбурылі дамы, каб умацаваць [гарадскі] мур; 11 і ўчынілі вадазборнік між двума мурамі на ваду старога вадаёма; але не зірнулі на Таго, Хто стварыў гэта, ды на Таго, Хто даўно ўфармаваў гэта, не паглядзелі. 12 Госпад жа, Бог Магуццяў, паклікаў у той дзень да плачу і жалобы, да пастрыжэння і да адзявання зрэбніцы; 13 але вось — весялосць і радасць, забіваюць валоў і рэжуць авечак, ядуць мяса і п’юць віно: «Давайце есці і піць, бо заўтра памром». 14 І было адкрыта мне ў вушы Госпадам Магуццяў: «Не будзе, пэўна, адпушчана вам гэтая правіннасць, пакуль не паўміраеце», — кажа Госпад, Бог Магуццяў. 15 Гэта кажа Госпад, Бог Магуццяў: «Ідзі, увайдзі да гэтага намесніка, і да Собны, загадчыка палаца: 16 “Што табе тут? Або хто табе гэты, што ты высек сабе тут грабніцу?” Высякаючы высока грабніцу сваю, у скале ён выдзеўб сабе жытло. 17 Вось жа Госпад рашуча выкіне цябе, чалавеча, магутна хапаючы цябе, 18 і, калыхаючы, скруціць цябе ў клубок, і кіне цябе, як мяч, на зямлю прасторную і шырокую: там памрэш, і там будуць калясніцы славы тваёй, ганьба дому гаспадара твайго». 19 «І выганю цябе з месца твайго і здыму цябе з тваёй пасады. 20 І будзе ў гэты дзень: паклічу слугу майго Эліякіма, сына Хэлькіі, 21 ды адзену яго ў туніку тваю і падпяражу яго поясам тваім, і ўладу тваю перадам у рукі яго; і ён будзе бацькам для жыхароў ерузалімскіх і для дому Юды. 22 І ўскладу ключ дому Давідава на плячо яго: і адкрые, ды не будзе каму замкнуць, і замкне, ды не будзе каму адкрыць. 23 І ўмацую яго, як калок на пэўным месцы: і будзе ён пасадам славы для дому бацькі свайго. 24 І навесяць на яго ўсю славу дому бацькі яго, усіх нашчадкаў, увесь дробны посуд, ад чар да збаноў. 25 У той дзень, — кажа Госпад Магуццяў, — калок, які быў умацаваны на пэўным месцы, не вытрымае, але зломіцца і зваліцца, а ўсё, што на ім вісела, прападзе, — бо гэта сказаў Госпад». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)