ІСАІ 21 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Прадказанне пра пустыню надморскую. Як віхуры, што пралятаюць праз поўдзень, так ён прыходзіць з пустыні, з зямлі жахлівай. 2 Страшнае бачанне аб’яўлена мне: рабаўнік рабуе, нішчыць нішчыцель. Эламе, выходзь! Мідыя, асаджай! Любому стогну яго пакладу канец. 3 Таму сцёгны мае ахоплены дрыжаннем, апанавала мяне пакута, як пакута парадзіхі; я здранцвеў ад таго, што чуў, збянтэжыўся тым, што бачыў. 4 Трасецца сэрца маё, страх напаў на мяне; прыцемкі, мною жаданыя, ператварыліся для мяне ў жахі. 5 Накрываюць стол, засцілаюць абрусам, ядуць, п’юць. Падыміцеся, князі! Намасціце шчыт! 6 Бо так сказаў мне Госпад: «Ідзі, пастаў вартаўніка, хай паведаміць, што пабачыць. 7 Калі пабачыць калясніцу, пару коннікаў, вершніка на асле або вершніка на вярблюдзе, хай сочыць пільна, з вялікаю ўвагаю!» 8 І закрычаў вартаўнік: «На вежы вартавой, Госпадзе, стаю заўжды ўдзень, і на варце сваёй я стаю па ўсіх начах; 9 вось прыбыў гэты вершнік з парамі коннікаў, азваўся і кажа: “Упаў, упаў Бабілон, і ўсе статуі багоў яго пасыпаліся на зямлю”». 10 О абмалот мой і сыны току майго! Што пачуў я ад Госпада Магуццяў, Бога Ізраэля, гэта вам паведаміў! 11 Прадказанне для Эдома. Нехта крычыць да мяне з Сэіра: «Вартаўніку, якая гадзіна ночы? Вартаўніку, якая гадзіна ночы?» 12 Вартаўнік адказаў: «Прыходзіць раніцца, але таксама і ноч. Калі пытаецеся, то пытайцеся, навярніцеся, прыходзьце!» 13 Прадказанне ў пустыні. На лясным выгане, у пустыні начуйце, караваны дэданітаў. 14 Засмагламу ваду выносьце паспешна вы, жыхары зямлі Тэма; з хлябамі сустракайце ўцекачоў! 15 Бо ад мечаў уцяклі, ад меча аголенага, ад лука нацягнутага, ад страшнай бітвы. 16 Бо вось гэта кажа Госпад мне: «Яшчэ год такі, як год найміта, і знікне ўся слава Кедара; 17 і колькасць лукаў, што засталіся ў магутных сыноў Кедара, паменшыцца; бо Госпад, Бог Ізраэля, сказаў!» |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)