ІСАІ 20 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 У год, у які ўвайшоў Тартан у Азот, калі паслаў яго Саргон, цар асірыйцаў, і ваяваў ён супраць Азота, і здабыў яго, 2 а ў гэты самы час прамовіў Госпад да Ісаі, сына Амоса, кажучы: «Ідзі, развяжы зрэбніцу са сцёгнаў тваіх, здымі таксама сандалі з ног тваіх!» І зрабіў ён так, ходзячы голы і босы. 3 І сказаў Госпад: «Як слуга Мой, Ісая, хадзіў голы і босы тры гады на знак і дзіўны сімвал адносна Егіпта і Этыёпіі, 4 так цар асірыйцаў павядзе палонных з Егіпта і бежанцаў з Этыёпіі: маладых і старых, голых і босых, і з голымі сцёгнамі — на ганьбу Егіпта. 5 І спалохаюцца і засаромеюцца дзеля Этыёпіі, надзеі сваёй, ды дзеля Егіпта, славы сваёй. 6 І скажа ў той дзень жыхар гэтага марскога ўзбярэжжа: “Вось, гэта была надзея наша, да якой мы звярталіся па дапамогу, каб вызваліцца ад цара асірыйцаў! Як жа зможам мы ўратавацца?”» |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)