Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСАІ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Слова, якое было ў бачанні Ісаі, сына Амоса, пра Юду і Ерузалім.

2 І будзе ў апошнія дні падрыхтавана гара Госпадава на вяршыні гор, і ўздымецца яна над узгоркамі, і будуць сцякацца да яе ўсе народы.

3 І пойдзе шмат людзей, і скажуць яны: «Ідзіце, і ўзыдзем на гару Госпадаву і ў дом Бога Якубава, і хай навучыць Ён нас дарогам Сваім, і будзем хадзіць па сцежках Яго; бо з Сіёна выйдзе закон і слова Госпадава з Ерузаліма».

4 І будзе Ён судзіць народы і выкрые мноства людзей, і перакуюць яны мечы свае на плугі, а дзіды свае — на сярпы. Не падыме народ на народ меча, і не будуць больш рыхтавацца да бою.

5 Доме Якуба, прыходзьце ды будзем хадзіць у святле Госпадавым.

6 Сапраўды, адкінуў Ты народ Твой, дом Якуба, бо багата стала сярод іх чараўнікоў усходніх, і варажбіты ў іх былі, як у філістынцаў, і падаюць яны рукі чужынцам.

7 Край яго багаты срэбрам і золатам, ды бязмежныя яго скарбы,

8 і багатая зямля яго конямі, ды незлічоныя яго павозкі, і багатая зямля яго ідаламі: пакланяюцца яны творам рук сваіх, што зрабілі пальцы іх.

9 І сагнуўся чалавек, і прынізіўся род людскі; не даруй ім!

10 Увайдзі ў скалу, схавайся ў пыле перад страхам ад аблічча Госпада і славы магутнасці Яго.

11 Высока ўзнятыя вочы чалавека апусцяцца, і сагнецца пыха людская; адзін толькі Госпад узвысіцца ў той дзень.

12 Дзень бо Госпада Магуццяў надыдзе на кожнага пыхлівага і надутага, і на кожнага, хто выхваляецца, і будзе ён упакораны,

13 і на ўсе кедры Лібана, гонкія і высокія, і на ўсе дубы Басана,

14 і на ўсе горы высокія, і на ўсе ўзгоркі паднятыя,

15 і на кожную вежу ўзнесеную, і на кожны мур умацаваны,

16 і на ўсе караблі Тарсіса, і на ўсе судны прыгожыя.

17 Ды прыгнецца велічнасць чалавечая і прынізіцца пыха людская, і адзін толькі Госпад узвысіцца ў той дзень,

18 і ідалы дашчэнту будуць стру-шчаны.

19 Тады ўвойдуць яны ў шчыліны скал і ў пячоры каменныя перад абліччам страху Госпадава і перад славай велічнасці Яго, калі паўстане Ён, каб страсянуць зямлю.

20 У той дзень выкіне чалавек кратам і кажанам ідалаў сваіх срэбраных і балванаў сваіх залатых, якіх зрабіў ён сабе, каб пакланяцца.

21 І ўвойдзе ён у шчыліны скалаў і ў пячоры каменныя перад абліччам страху Госпадава і перад славай велічнасці Яго, калі паўстане Ён, каб страсянуць зямлю.

22 Дык не чапайце чалавека, дух якога ў ноздрах яго. Чаго ён будзе варты?

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы