ІСАІ 13 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Прадказанне Бабілону, якое бачыў Ісая, сын Амоса. 2 На лысай гары ўзнясіце знак, падыміце гоман; падыміце руку, каб увайшлі ў брамы князёў. 3 «Я загадаў Маім пасвячоным; у гневе Сваім пазваў ваяроў Сваіх, якія радуюцца ў славе Маёй». 4 Гоман натоўпу ў гарах быццам вялікіх грамадаў. Гоман гучны дзяржаў сабраных разам народаў. Госпад Магуццяў аглядае войска перад бітвай; 5 прыходзяць з далёкіх краін, ад небасхілу, Госпад і сродкі Яго гневу, каб спустошыць усю зямлю. 6 Гаманіце! Бо блізкі дзень Госпадаў, быццам спусташэнне прыйдзе ад Госпада. 7 Таму ва ўсіх рукі апусцяцца ды сэрца кожнага чалавека самлее. 8 Трупянеюць. Хапаюць іх пакуты і боль, будуць яны пакутаваць, як тая, што нараджае; кожны ў аслупяненні глядзець будзе на блізкага свайго, выразы твараў іх распаленыя. 9 Вось жа, дзень Госпадаў надыходзіць, жудасны і поўны ўзбурэння, гневу і лютавання, каб зямля зрабілася пустыняй ды каб сцёр Ён грэшнікаў з яе. 10 Бо зоркі нябесныя і свяцілы яго не разальюць святла свайго; сонца зацемрыцца пры ўзыходзе сваім, і месяц не дасць святла свайго. 11 І наведаю Я свет дзеля ліха ды бязбожнікаў дзеля злачынстваў іх; і спыню Я пыху ганарыстых ды задзірыстасць моцных упакору. 12 Муж будзе радчэйшым за золата, і чалавек — за самае чыстае золата. 13 Таму страсяну нябёсы, і зямля зрушыцца з месца свайго ў абурэнні Госпада Магуццяў ды ў дзень лютавання гневу Яго. 14 І будзе [кожны], як газэль, якая ўцякае, і як авечка, і не будзе каму сабраць, — і кожны вернецца да свайго народа ды кожны ўцячэ да свайго краю. 15 Кожны, хто будзе злоўлены, — будзе забіты, і кожны, хто будзе схоплены, — падзе ад меча. 16 Дзеці іх на іх вачах будуць пабітыя, дамы іх будуць абрабаваныя, а жонкі — згвалтаваныя. 17 А Я падбуру супраць іх мідзян, якія не сквапяцца на срэбра ды золата не хочуць, 18 але лукі пасцінаюць юнакоў, і не пашкадуюць яны плода ўлоння. 19 Тады будзе Бабілон, перл валадарстваў, высокі гонар халдэяў, такім, як калі перавярнуў Госпад Садом і Гамору. 20 Не будзе ніколі больш абжытая, ані заселена з патомства ў патомства, не паставіць там араб палаткі, ані пастухі не зробяць там лежбішча. 21 Але там будуць вылежвацца дзікія звяры і напоўняць дом іх совы, а абжывуцца там страусы ды казлы гарцаваць там будуць. 22 І будуць перагуквацца ў яго палацах гіены, і ў раскошных пакоях — шакалы. Блізкі ўжо час яго, і дні яго не прадоўжацца. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)