ЁНЫ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І загадаў Госпад вялікай рыбе праглынуць Ёну, і быў Ёна ў нутры рыбы тры дні і тры ночы. 2 І маліў Ёна Госпада, Бога свайго, з нутра рыбы, 3 і казаў: «У бядзе сваёй клікаў я Госпада, і Ён адказаў мне; з нутра пекла прызываў я, і Ты выслухаў просьбу маю. 4 Ты кінуў мяне ў глыбіню, у сэрца мора, і вір акружыў мяне; усе цячэнні Твае і ўсе хвалі Твае прайшлі нада мной. 5 І я казаў: “Адкінуты я ад вачэй Тваіх, дык як мне ўбачыць зноў святыню Тваю святую?” 6 Нахлынулі на мяне воды аж па горла, бяздонне ахутала мяне, марская трава абвіла галаву маю. 7 Да падвалін гор я сышоў, зямныя запоры закрылі мяне навекі, але Ты, Госпадзе, Божа мой, вывеў з бездані жыццё маё. 8 Калі зняможаная была душа ўва мне, успомніў я Госпада, і паплыла да Цябе малітва мая, у святыню Тваю святую. 9 Тыя, якія пакланяюцца ідалам марным, пакідаюць Спагаднага свайго. 10 Але я прынясу Табе ахвяру падзякі і, што абяцаў Табе, — споўню. Бо ў Госпада — збаўленне!» 11 І Госпад даў загад рыбе, і яна выкінула Ёну на сухмень. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)