ЁВА 5 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Дык крычы, калі ёсць той, хто табе адкажа! Да каго са святых звернешся ты? 2 Бо бязглуздага забівае гняўлівасць, а неразумнага губіць зайздрасць. 3 Я бачыў бязглуздага, трывала ўкаранёнага, і пракляў я дом яго ў той жа час. 4 Далёка будуць сыны яго ад збаўлення, і будуць іх штурхаць у браме, і не будзе таго, хто б выбавіў. 5 Ураджай яго з’есць галодны, а самога яго ўзброены схопіць, і прагныя вып’юць багацце яго. 6 Бо не з пылу бярэцца няшчасце, і не з зямлі вырастае пакута, 7 але чалавек спараджае працу, як птушкі ўзнімаюцца ў палёт. 8 З гэтай прычыны я буду прасіць Госпада і ўзнясу прамову сваю да Бога, 9 Які чыніць вялікае, і недаследнае, і дзівоснае без ліку; 10 Які дае дождж на аблічча зямлі і абмывае водамі палеткі; 11 Які пакорлівых ставіць высока, а тужлівых падтрымлівае выратаваннем; 12 Які разбівае намеры ліхадзеяў, каб не змаглі рукі іх выканаць тое, што пачалі; 13 Які ловіць мудрых у хітрасці іх і змову нягоднікаў разбівае. 14 Днём яны забягуць у цемру і, быццам уночы, будуць навобмацак ісці апоўдні. 15 Затое Ён выратуе няшчаснага ад меча вуснаў іх і ад рукі пераследніка — беднага; 16 і будзе спадзяванне няшчаснаму, несправядлівасць жа закрые рот свой. 17 Шчасны чалавек, якога дакарае Бог; дык ушчуваннем Усемагутнага не пагарджай. 18 Бо Ён раніць і лечыць, Ён б’е, і рукі Яго аздараўляюць. 19 Ад шасці бед збавіць цябе, і ў сёмы раз не кране цябе няшчасце. 20 У голад Ён выбавіць цябе ад смерці, а ў час вайны — ад рукі меча. 21 Усцеражэшся ты ад бізуна языка і не збаішся спусташэння, калі яно прыйдзе. 22 У час спусташэння і голаду будзеш ты смяяцца ды не будзеш баяцца звяроў зямных. 23 Але з камянямі палявымі дамова твая і звяры зямныя будуць да цябе прыязныя. 24 І ты даведаешся, што палатка твая ў супакоі, і, наведваючы жытло сваё, не дапусціш памылкі. 25 І даведаешся таксама, што насенне тваё будзе шматлікае і нашчадкі твае — быццам зелле зямное. 26 І ўвойдзеш у магілу ў гадах саспелых, як ставіцца сноп пшаніцы ў час свой. 27 Вось, як мы даследавалі гэта, так і ёсць; паслухай гэта і сам зразумей для сябе». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)