Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 35 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Тады Элію вось што сказаў:

2 «Ці справядлівай здаецца табе твая думка, што ты сказаў: “Апраўданне маё — перад Богам”?

3 Бо сказаў ты: “Што карысці табе? Які прыбытак будзе табе, калі б я ўчыніў грэх?”

4 Дык я адкажу на твае прамовы і прыяцелям тваім разам з табой.

5 Глянь на неба і прыгледзься; і паглядзі на хмары, што яны вышэйшыя за цябе.

6 Калі ты ўчыніш грэх, што зробіш ты Яму? А калі злачыннасці твае будуць памнажацца, што зробіш ты супраць Яго?

7 А калі будзеш чыніць справядліва, што падаруеш Яму? Або што атрымае Ён з тваёй рукі?

8 Чалавеку, падобнаму да цябе, бязбожнасць твая пашкодзіць, а справядлівасць твая дапаможа сыну чалавечаму.

9 Ад мноства крыўдзіцеляў будуць крычаць, і стагнаць будуць праз сілу рукі прыгнятальнікаў.

10 Але ніхто не сказаў: “Дзе ж Бог, Які мяне стварыў, Які даў спевы ноччу,

11 Які вучыць нас болей за зямных жывёл, і больш за птушак паднебных дае нам мудрасць?”

12 Там яны лямантуюць, але Ён не выслухае з прычыны пыхлівасці злачынцаў.

13 Канешне, марна: не пачуе Бог і не ўбачыць Усемагутны.

14 Хоць ты сказаў: “Ня бачу Яго”, але суд перад Ім — чакай яго.

15 І цяпер, калі ты гаворыш: “Гнеў Яго не прыносіць пакаранняў, і Ён не помсціць моцна за злачынства”;

16 надарма Ёў адчыніў вусны свае і бяздумна словы памнажае».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы