Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 33 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Дык пачуй, Ёве, прамову маю і выслухай усе словы мае.

2 Вось, я адкрыў вусны свае, і язык мой гаворыць у горле маім.

3 Ад шчырага сэрца мае словы, і чыстую праўду кажуць вусны мае.

4 Дух Божы ўчыніў мяне, і подых Усемагутнага ажывіў мяне.

5 Калі можаш, адкажы мне, падрыхтуйся перада мною і падыміся.

6 Вось жа, я, як і ты, перад Богам, ды з таго ж самага бруду аддзелены і я.

7 Так што страх, які я наганяю, хай цябе не палохае, і цяжар мой хай не будзе цяжкі для цябе.

8 Тое, што ты сказаў, было ў вушах маіх, і голас слоў тваіх пачуў я:

9 “Чысты я, без граху, беззаганны; і няма правіннасці ўва мне.

10 Паколькі ж Ён знайшоў падставы для скаргаў на мяне, то лічыць мяне Сваім ворагам;

11 ногі мае закаваў у кайданы, пільнуе ўсе шляхі мае”.

12 Вось, ты ў гэтым несправядлівы, адкажу табе, бо Бог большы за чалавека.

13 Чаму ты спрачаешся з Ім, што Ён не адказвае табе на ўсе словы?

14 Раз кажа Бог і другі раз таго самага не паўтарае.

15 Праз сон і ў бачанні начным, калі агортвае сон людзей і калі дрэмлюць яны на ложку,

16 тады адкрывае Ён вушы людзям і ўкладвае Сваё настаўленне,

17 каб адвярнуць чалавека ад таго, што ён чыніць, і вызваліць яго ад пыхлівасці,

18 вырываючы душу яго ад магілы і жыццё яго, каб не трапіў ён у яму смерці.

19 Дакарае яго таксама хваробаю на ложку яго, або болем безупынным у касцях яго.

20 І хлеб агідным становіцца яму ў жыцці яго, і раней прыемная страва — душы яго.

21 Цела яго высыхае на вачах, і косці, якіх не было відаць, адкрываюцца.

22 Набліжаецца Ён да знішчэння ў магіле, і жыццё яго — да сядзібы памерлых.

23 Калі будзе ў яго анёл-звястун, адзін з тысячы, каб абвясціць чалавеку справядлівасць,

24 то злітуецца Бог над ім і скажа: “Вызвалі яго, каб не ішоў ён у магілу, бо Я знайшоў тое, у чым яму можа быць літасць”.

25 Расквітнее цела яго лепш, чым у маладосці, і вернецца ён у дні юнацтва свайго.

26 Ён будзе маліць Бога, і Бог будзе спагадны да яго, і ўбачыць твар яго радасным, і верне чалавеку яго справядлівасць.

27 Спявае ён людзям і кажа: “Я зграшыў і парушыў справядлівасць, але я не адплачана мне.

28 Ён вызваліў душу маю, каб не трапіла ў магілу, але, жывучы, бачыла святло”.

29 Вось, усё гэта робіць Бог два і тры разы з чалавекам,

30 каб адвесці душы іх ад магілы і прасвятліць святлом жывых.

31 Зважай, Ёве, і паслухай мяне, і памаўчы, пакуль я гавару.

32 Калі ж маеш, што сказаць, адкажы мне, гавары, бо хачу, каб ты аказаўся справядлівым.

33 Калі ж не маеш, то паслухай мяне; маўчы, і я навучу цябе мудрасці».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы