ЁВА 31 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Заключыў я дамову з вачамі сваімі, каб не глядзець мне на дзяўчыну. 2 Якая ж доля мая ў Бога ў небе, ды якая спадчына ад Усемагутнага на вышынях? 3 Ці ж ліхотніку няма загубы і адчужэння тым, хто чыняць несправядлівасць? 4 Ці ж Ён не бачыў шляхоў маіх і не лічыў усе крокі мае, 5 калі хадзіў я ў марнасці і нага мая спяшалася ў падступнасці? 6 Хай узважыць Ён мяне справядлівымі шалямі і хай ведае Бог маю беззаганнасць. 7 Ці саступаў крок мой з дарогі, і ці пайшло за вокам маім маё сэрца, і ці запляміла рукі мае што нячыстае? 8 Сеяў я, а есць іншы, і патомства маё вырванае з каранямі. 9 Калі сэрца маё звяла жанчына і калі цікаваў я пры дзвярах таварыша майго, 10 хай мая жонка меле для другога і хай іншыя схіляюцца над ёю. 11 Бо гэта — недазволенае, злачынства, якое падлягае суду. 12 Гэта агонь, што паглынае аж да загубы і што выкараняе ўсё народжанае. 13 Хіба не зважаў я ў судзе на правы паслугача свайго і паслугачкі сваёй, калі яны спрачаліся са мною? 14 Што ж тады буду рабіць, калі паўстане Бог судзіць? І калі будзе пытацца ў мяне, што я Яму адкажу? 15 Ці ж не ва ўлонні ўчыніў мяне Той, Хто і яго стварыў, і адзін сфармаваў мяне ва ўлонні? 16 Калі адмовіў я бедным у тым, чаго яны хацелі, і калі прымусіў вочы ўдавы засмуціцца, 17 калі з’еў я кавалак свой адзін, а сірата не з’еў ад яго? 18 Бо ад маленства гадаваў я яго, як бацька, і кіраваў [удавой] ад улоння маці. 19 Калі пагардзіў я гаротнікам за тое, што не меў ён адзення, а таксама бедным без вопраткі; 20 калі не дабраславіла мяне цела яго і не сагрэўся ён ад воўны авечак маіх; 21 калі падняў я руку сваю на сірату, калі бачыў у браме дапамогу сабе, — 22 то хай выпадзе плячо маё з сустава свайго і хай патрушчыцца рука мая разам з касцямі локцевымі, 23 бо страх для мяне — няшчасце ад Бога і супраць велічы Яго ніяк мне не здужаць! 24 Калі лічыў я золата бяспекай маёй і гаварыў чыстаму золату: “Надзея мая!”; 25 калі цешыўся я дзеля мноства багаццяў сваіх і што рука мая столькі прыдбала; 26 калі бачыў я, як ззяе сонца і як ясна ўзыходзіць месяц, 27 і спакусілася патаемна сэрца маё, і пацалавалі вусны мае руку маю, 28 а гэта — злачыннасць, што падлягае суду, бо я адрокся б ад Бога Узвышняга; 29 калі радаваўся я з падзення таго, хто мяне ненавідзеў, і весяліўся, што яго напаткала няшчасце, 30 бо не дазволіў я грашыць языку майму, каб насылаць праклёны на душу яго; 31 калі не гаварылі людзі палаткі маёй: “О, ці ёсць той, хто б не насыціўся мясам яго!”; 32 на двары не заставаўся прыхадзень, брама мая адкрытая была для вандроўніка; 33 калі ўтойваў я грэх свой, як чалавек, і калі хаваў за пазухай злачыннасць сваю; 34 калі б баяўся я грамады вялікай і пагарда блізкіх палохала б мяне, — то маўчаў бы я больш і не выходзіў з дзвярэй. 35 Хто мне дасць слухача? Вось жа подпіс мой! Хай Усемагутны адкажа мне! Вось кніга, якую напісаў супраціўнік мой, 36 каб насіў яе на плячах сваіх і ўсклаў яе на сябе, як вянец. 37 Я паведамлю яму лік крокаў маіх і пайду да яго, як да князя. 38 Калі жаліцца на мяне зямля мая, і з ёй плачуць барозны яе, 39 калі плады яе я еў без грошай і крыўдзіў яе земляробаў, — 40 то хай замест пшаніцы родзіцца мне церне, а замест ячменю — пустазелле!» Скончыліся словы Ёва. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)