Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Потым Ёў расчыніў вусны свае, і наракаў на дзень свой,

2 і казаў ён:

3 «Хай згіне дзень, у які я нарадзіўся, і ноч, у якую было сказана: “Пачаўся чалавек”.

4 Хай дзень той пераменіцца ў цемру; хай не пытаецца пра яго Бог з вышыні, ды хай не будзе ён асветлены святлом.

5 Хай зацемняць яго цемра і засень смерці, хай апануе яго змрок і хай агорнецца ён горыччу.

6 Хай тую ноч падхопіць цёмная віхура, хай не дадасца яна сярод дзён года, хай не залічыцца сярод месяцаў.

7 Хай тая ноч адасобіцца і не будзе годная хвалы;

8 хай наракаюць на яе тыя, што наракаюць на дзень, што гатовыя абудзіць левіятана.

9 Хай сцямнеюць зоркі яе світання; хай чакае святла, і не будзе [яго], ды хай не пабачыць яна веек зараніцы,

10 бо яна не зачыніла ўваходу ўлоння, якое насіла мяне, і не ўхіліла злога ад вачэй маіх.

11 Чаму ж я не памёр ва ўлонні? [Чаму] выйшаўшы з чэрава, не згінуў адразу?

12 Навошта быў прыняты каленямі? І навошта быў кормлены грудзьмі?

13 Цяпер вось маўчаў бы я ў супакоі і адпачываў бы ўва сне сваім

14 з царамі і ўладарамі зямлі, якія ствараюць сабе дамы магілы;

15 або з князямі, якія маюць золата і напаўняюць срэбрам дамы свае.

16 Або хай бы я не існаваў, бы патаемны выкідыш ці тыя, што, пачатыя, не ўбачылі святла.

17 Там бязбожнікі больш не бунтуюцца, і там спачываюць змарнелыя сілай.

18 Там былыя вязні ўсе разам без турбот не чуюць крыку наглядчыка.

19 Там [разам] малы і вялікі, і слуга, вольны ад пана свайго.

20 Навошта беднаму даецца святло і жыццё тым, што жывуць у горычы душы?

21 Яны чакаюць смерці, а яна не прыходзіць, і, шукаючы, здабываюць яе больш рупліва, чым скарбы,

22 і радуюцца вельмі, і цешацца з магілы.

23 [Навошта святло] чалавеку, дарога якога ўтоена і якога Бог акружыў цемраю?

24 Уздыханні мае апярэджваюць хлеб мой, і быццам бурлівыя воды стагнанні мае.

25 Бо страх, якога я баяўся, прыйшоў да мяне, і тое, перад чым я трымцеў, настала.

26 Я не хаваўся, не маўчаў, не адпачываў, але прыйшло да мяне няшчасце».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы