ЁВА 29 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І дадаў яшчэ Ёў, пачынаючы прыпавесць сваю, і сказаў: 2 «Хто мне дасць, каб стаўся я, як у даўнія месяцы, у тыя дні, калі Бог ахоўваў мяне, 3 калі светач Яго свяціў над галавой маёй і пры святле Яго хадзіў я ў цемры, 4 калі яшчэ жыў у днях юнацтва майго, калі Бог быў спагадным у палатцы маёй, 5 калі са мною быў Усемагутны і дзеці мае — вакол мяне, 6 калі малаком я мыў ногі свае і скала выдавала для мяне ручаі алею. 7 Калі я выходзіў да гарадской брамы і на плошчы рыхтаваў сабе сядзенне, 8 бачылі мяне юнакі і хаваліся, а старыя, падняўшыся, стаялі. 9 Князі пераставалі гаварыць і клалі палец на вусны свае. 10 Правадыры спынялі голас свой, і язык іх прыліпаў да іх паднябення. 11 Вуха, што чула мяне, дабраслаўляла мяне, і вока, якое бачыла, сведчыла за мяне, 12 бо я вызваляў гаротніка, які лямантаваў, і сірату, які не меў апекуна. 13 Дабраславенства таго, каму была наканавана смерць, сыходзіла на мяне, і сэрца ўдавы рабіў я радасным. 14 Я апрануўся ў справядлівасць і прыбраўся, як плашчом і вянцом, судом сваім. 15 Вокам быў я сляпому і нагой — кульгаваму. 16 Бацькам быў для беднага і справу незнаёмага чалавека пільна разбіраў. 17 Я раздзіраў пашчу злачынцу і вырываў з зубоў яго здабычу. 18 І гаварыў я: “У гняздзе сваім памру я і, як пальма, памножу дні. 19 Корань мой адкрыты каля вады, і раса будзе ляжаць на галінах маіх. 20 Слава мая заўсёды будзе аднаўляцца, і лук мой у руцэ маёй умацуецца”. 21 Тыя, хто мяне слухалі, захапляліся і з павагаю маўчалі на параду маю. 22 Да слоў маіх не асмельваліся нічога дадаць, і мова мая акроплівала іх. 23 Чакалі мяне, як дажджу, і адкрывалі вусны свае, як на дождж позні. 24 Калі часам усміхаўся я да іх, не верылі, і святло твару майго не падала на зямлю. 25 Калі хацеў прыйсці да іх, сядзеў першы і, хаця сядзеў, як кароль у атачэнні войска, аднак жа быў суцяшальнікам засмучаных. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)