Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 28 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Срэбра мае пачаткі жылаў, і ў золата ёсць месца, дзе яго плавяць.

2 Жалеза здабываецца з зямлі, і камень, растоплены жарам, у медзь ператвараецца.

3 Усталяваў [чалавек] мяжу цемры, і даследуе ўсё сам да канца, нават камень змроку і ценю.

4 Вандроўны люд адкрыў падземныя праходы, якія забыты нагою; вісяць яны, хістаючыся больш за вандроўніка.

5 Зямля, з якой хлеб вырастаў, у глыбіні перавернута, як агнём.

6 Камяні яе — месца сапфіра, і глеба яе — золата.

7 Драпежная птушка не ведае сцежкі туды, і не бачыць яе вока арла.

8 Не тапталі яе сыны пыхі, і не праходзіла па ёй ільвіца.

9 Выцягвае ён руку сваю на крэмень, да падножжа пераварочвае горы.

10 У скалах высякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока яго.

11 Выведаў ён глыбіні рачныя і вывеў на свет утоенае.

12 Але дзе знайсці мудрасць? І дзе месца розуму?

13 Чалавек не ведае яе сутнасці, і не знайсці [яе] на зямлі жывых.

14 Бездань кажа: “Няма яе ўва мне”, і мора гаворыць: “Няма яе ўва мне”.

15 Нельга даць за яе чыстага золата, і не ўзважыць срэбра ў абмен на яе.

16 Нельга заплаціць золатам Афіру, ані найкаштоўнейшым сарданіксам, ані сапфірам.

17 Не зраўняецца з ёю золата або шкло, не прамяняць яе на залаты посуд.

18 Пра каралі і крышталь не ўспомняць у параўнанні з ёй, і валоданне мудрасцю лепшае за перлы.

19 Не зраўняецца з ёю тапаз з Этыёпіі, і не прыпадобніш яе да найчысцейшага золата.

20 Дык адкуль паходзіць мудрасць і дзе месца розуму?

21 Схаваная яна ад вачэй усіх жывых і нябесным птушкам невядомая.

22 Абадон і смерць кажуць: “Вушамі нашымі мы чулі пра славу яе”.

23 Бог ведае дарогу яе, і Ён ведае месца яе.

24 Ён бачыць ускрайкі зямлі і заўважае ўсё, што пад небам.

25 Ён надаў вятрам вагу і воды адмераў меркаю.

26 Калі даваў закон дажджам і шлях навальніцам грымотным,

27 тады ўбачыў Ён яе і расказаў, і прыгатаваў, і даследаваў яе.

28 І сказаў Ён чалавеку: “Вось, страх Госпадаў — гэта і ёсць мудрасць; а пазбягаць зла — гэта розум”».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы