Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 22 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 У адказ Эліфаз Тэманіт сказаў:

2 «Ці можа чалавек быць карысным Богу, калі ён ледзь разумее, як самому сабе быць карысным?

3 Што за карысць Усемагутнаму, калі ты будзеш справядлівы, або што ты даеш Яму, калі б учыніў беззаганнай дарогу тваю?

4 Ці ж за тваю пабожнасць будзе Ён дакараць цябе і пойдзе на суд з табою?

5 Ды ці ж не праз ліхадзейнасць тваю шматлікую і бясконцую несправядлівасць тваю?

6 Бо ты ўзяў заклад ад братоў тваіх ні за што і з голых здымаў адзенне.

7 Ты не падаў вады спрацаванаму і галоднаму адмаўляўся даць хлеба.

8 Хіба заможнаму чалавеку ўспамогаю будзе зямля і, завалодаўшы, ён будзе жыць на ёй?

9 Удоў адпускаў ты з пустымі рукамі, і плечы сірот абцяжарваў.

10 Дзеля таго акружаны ты пасткамі і трывожыць цябе страх неспадзяваны.

11 І ў цемры ты не бачыш, і напор вады прыціскае цябе.

12 Ці ж Бог не вышэйшы за неба? Паглядзі ўгару на зоркі, як яны высока!

13 А ты кажаш: “Што там ведае Бог? Быццам бы Ён можа судзіць праз імглу.

14 Хмары — покрыва Яго, і не бачыць Ён нашых спраў, і ходзіць [толькі] па крузе нябесным”.

15 Ці ты прагнеш трымацца шляху спрадвечнага, па якім крочылі злачынцы,

16 якія заўчасна былі знішчаны, і рака падмыла іх грунт?

17 Яны казалі Богу: “Адыдзіся ад нас!” і “Што можа зрабіць нам Усемагутны?”

18 Калі Ён багаццем напоўніў дамы іх, іх думкі далёка былі ад Яго.

19 Справядлівыя будуць бачыць і цешыцца, і чалавек беззаганны будзе смяяцца з іх:

20 “Сапраўды прапала маёмасць іх, а рэшту іх паглынуў агонь”.

21 Дык пагадзіся з Ім, і будзь спакойны, і праз гэта будзеш мець найлепшы плён.

22 Прымі з вуснаў Яго закон і пакладзі словы Яго ў сэрцы сваім.

23 Калі навернешся да Усемагутнага, адновішся і адкінеш далёка несправядлівасць ад палаткі сваёй.

24 Прыпадобніш золата да парахна, а камяні Афіра — да рачнога пяску,

25 Усемагутны будзе тваёй крыніцай каштоўных металаў і накопіцца срэбрам для цябе.

26 Тады будзеш мець дастаткова асалод ва Усемагутным і падымеш аблічча сваё да Бога.

27 З пакораю будзеш прасіць Яго, і Ён выслухае цябе, і ты споўніш абяцанні свае.

28 Што пастановіш, прыйдзе да цябе, і на дарогах тваіх будзе свяціць святло.

29 Бо Ён паніжае таго, хто гаворыць пыхліва, а хто апускае вочы, той будзе збаўлены.

30 Ён уратуе нявіннага, і будзеш ты ўратаваны ў чысціні рук сваіх».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы