Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 17 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Дух мой саслабеў, дні мае пагаслыя, і застаецца мне толькі магіла.

2 Хіба не кпіны акружаюць мяне, і не ў горычы хіба патанае вока маё?

3 Дай заклад за мяне перад Табою, і хто ж [іншы] у знак парукі стукне мяне па руцэ?

4 Сэрца іх аддаліў Ты ад разумення, таму яны не ўзвысяцца.

5 Абяцае блізкіх як здабычу, але вочы сыноў яго змарнеюць.

6 Ён паставіў мяне ў прымаўку народа і каб плявалі [мне] ў твар.

7 Пацямнела ад горычы вока маё, і члены цела майго сталіся, нібы цень.

8 Справядлівыя аслупянеюць, бачачы гэта, і бязгрэшны раззлуецца на бязбожніка.

9 І справядлівы будзе трымацца дарогі сваёй, а чысты дадасць моцы рукам.

10 Дык навярніцеся ўсе вы і прыходзьце, але я не знайду між вамі нікога разумнага.

11 Дні мае прамінулі, думкі мае і памкненні сэрца майго расцерушыліся.

12 Ператварылі яны ноч у дзень; ды зноў пасля цемры спяшаецца святло.

13 Калі і датрываю, то апраметная — дом мой; у цемры паслаў я ложак мой.

14 Сказаў я гнілізне: “Ты — бацька мой!”, “Маці мая і сястра мая!” — чарвям.

15 Дык дзе ж цяпер мая надзея і хто бачыць цярплівасць маю?

16 У апраметную найглыбейшую сыдуць усе справы мае, і ці будзе мне адразу супачынак у парахне?»

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы