ЁВА 16 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 У адказ сказаў Ёў: 2 «Часта я чуў такія рэчы! Усе вы нікчэмныя пацяшыцелі. 3 Ці ж будзе канец пустым словам, або што так раздражняе цябе, што ты [так] адказваеш? 4 Мог і я гаварыць падобна, як вы, ды няхай бы душа ваша была на месцы маёй душы. Распачаў бы я да вас прамову і ківаў бы на вас галавою сваёй, 5 падбадзёрваў бы вас вуснамі сваімі і не стрымліваў бы руху вуснаў маіх. 6 Калі гаварыць буду, не суцішыцца боль мой; і калі замаўчу, не адыдзе ён ад мяне; 7 а цяпер змардаваў мяне боль мой і Ты спустошыў усю сям’ю маю. 8 Маршчыны мае сведчаць супраць мяне, і паўстае змардаванасць перад абліччам маім, пярэчачы мне. 9 Гнеў Яго разрывае мяне, і супрацівіцца мне, і скрыгоча зубамі сваімі на мяне. Вораг мой утаропіў вочы свае на мяне. 10 Яны разявілі на мяне пашчы свае, і, наракаючы, б’юць мяне ў сківіцу, і, сабраўшыся разам, — супраць мяне. 11 Замыкае мяне Бог у несправядлівага і перадае мяне ў рукі бязбожнікаў. 12 Я, той самы задаволены калісьці, знянацку раструшчаны стаўся. Схапіў Ён мяне за шыю, зламаў мяне і паставіў мяне перад Сабою, быццам на знак. 13 Акружыў Ён мяне дзідамі Сваімі, разарваў клубы мае, не пашкадаваў; ды расцярушыў па зямлі печань маю. 14 Ён раздзірае мяне, рвучы і катуючы, абрушыўся на мяне, быццам волат. 15 Пашыў я радно сабе на скуру і схіліў да зямлі рог мой. 16 Твар мой пачырванеў ад плачу, а павекі мае пацямнелі, 17 хоць без правіннасці рукі мае, бо малітвы мае былі чыстыя. 18 О зямля! Не закрый крыві маёй, і хай крык мой не знойдзе ў табе месца, дзе б сціх. 19 Бо вось на небе Сведка мой і Той, Хто ведае мяне, — на вышынях. 20 Вешчуны мае — думкі мае: да Бога струменіцца вока маё. 21 О, каб чалавек мог так судзіцца з Богам, як судзіцца сын чалавечы са сваім прыяцелем, 22 бо вось, прамінуць кароткія гады, і я пайду шляхам, з якога не вярнуся! |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)