Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 15 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 У адказ сказаў Эліфаз Тэманіт:

2 «Ці ж будзе мудры адказваць на словы пустыя і ці напоўніць жывот свой гарачым ветрам?

3 Ці будзе спрачацца словамі пустымі, і словамі, якія нічым не дапамогуць?

4 Ты адкідаеш страх Божы і перашкаджаеш у малітве да Бога.

5 Твая сапсаванасць вучыць твае вусны, і ты карыстаешся мовай хітруноў.

6 Асуджаюць цябе вусны твае, але не я, і язык твой сведчыць супраць цябе.

7 Ці ты першы чалавек, які нарадзіўся, і ці ты створаны раней за ўзгоркі?

8 Ці ты раіўся з Богам і ўзяў сабе мудрасць?

9 Ці ты нешта ведаеш, чаго мы не ведаем? Або нешта разумееш, чаго мы не разумеем?

10 Паміж нас ёсць і старыя, і сівыя, шмат старэйшыя, чым твой бацька.

11 Ці табе мала Божых суцяшэнняў і лагоднага слова, учыненага з табою?

12 Чаму так уздымаецца сэрца тваё, ды чаму так устрывожаны вочы твае?

13 Што ты кіруеш супраць Бога дух твой і прамаўляеш з вуснаў тваіх такія словы?

14 Што ёсць чалавек, каб быў ён беззаганным, і каб аказаўся справядлівым народжаны ад жанчыны?

15 Вось, святым Сваім не давярае, і нябёсы не чыстыя перад абліччам Яго.

16 Тым больш сапсаваны і брыдкі чалавек, які, як ваду, п’е несправядлівасць.

17 Я пакажу табе, паслухай мяне: што бачыў, раскажу табе,

18 пра што мудрыя сведчаць і чаго не ўтаілі ад іх бацькі іх:

19 ім толькі была дадзена зямля, і паміж іх не праходзіў чужынец.

20 Бязбожнік мучаецца праз усе дні свае, і няпэўны лік гадоў для гвалтаўніка.

21 Шум страху заўсёды ў вушах яго, быццам, нават калі супакой, на яго нападае нішчыцель.

22 Ён не верыць, што можа вярнуцца назад з цемры, бо яму наканаваны меч.

23 Калі намагаецца ён прасіць хлеба, — дык дзе ж? Ён ведае, што ў руцэ яго прыгатаваны дзень цемры.

24 Будзе баяцца ён бяды і нястачы, яны паваляць яго, як цара, які рыхтуецца да бітвы.

25 Бо ён выцягнуў руку сваю супраць Бога і ўздужаўся супраць Усемагутнага,

26 ён рынуўся на Яго з выцягнутай шыяй, узброены магутным шчытом.

27 Тлустасць пакрыла аблічча яго, а з бакоў яго сала звісае.

28 Ён пасяліўся ў гарадах апусцелых, і ў дамах пустых, што ў курганы ператварыліся.

29 Ён не будзе багаты, і не захаваецца маёмасць яго; і на зямлі ён не пусціць кораня свайго.

30 Не выйдзе ён з цемры; спёка спаліць парасткі яго, і вецер знясе квецень яго.

31 Хай не верыць марнасці ўведзены ў аблуду, бо марнасць будзе яго ўзнагародай.

32 Дні яго адымуцца перш, чым споўняцца, і парастак яго не зазелянее.

33 Сапсаваная будзе, як вінаграднік у першай квецені, гронка яго, ці, як аліўка, што страсае кветкі свае.

34 Бо сям’я бязбожніка няплодная, і агонь паглыне палаткі тых, якія ахвотна хабар прымаюць.

35 Бо ён пачаў пакуту і нарадзіў несправядлівасць, і нутро яго хітрасці рыхтуе».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы