Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 11 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І сказаў у адказ Зафар Нааматыт:

2 «Ці ж таму, хто шмат гаворыць, нельга адказаць? Або ці чалавек гаваркі апраўдаецца?

3 Ці ж твая пустая гаворка прымусіць людзей маўчаць і не будзе каму спыніць цябе, калі ты пасміхаешся з іншымі?

4 Бо ты сказаў: “Шчырае слова маё, і чысты я ў вачах Тваіх”.

5 Няхай бы Сам Бог пагаварыў з табою і адкрыў вусны Свае для цябе;

6 каб паказаў Ён табе таямніцы мудрасці і патаемныя рады Яго, — ты б зразумеў, што многа менш Ён патрабуе ад цябе, чым заслугоўвае правіннасць твая.

7 Хіба заўважыш ты сляды Божыя і хіба спасцігнеш дасканала Усемагутнага?

8 Ён вышэй за неба, і што ты зробіш? Ён глыбей за пекла, і што ты спасцігнеш?

9 Даўжэйшая за зямлю мерка Яго і шырэйшая за мора.

10 Калі Ён руйнуе або закрывае і сціскае, хто запярэчыць Яму?

11 Бо Ён ведае марнасць чалавечую; і няўжо ж не заўважае правіннасць, бачачы яе?

12 Але і чалавек пусты робіцца разважлівым; а нараджаецца ён, як дзікае асляня.

13 Ты ж, калі сэрца сваё ўмацуеш і да Яго ўзнімеш свае рукі,

14 калі несправядлівасць, што ў руцэ тваёй, ты адкінеш ад сябе і не застанецца няпраўды ў тваёй палатцы,

15 тады ты зможаш падняць аблічча тваё без заганы, і будзеш сталы, і не будзеш баяцца.

16 Бо забудзешся ты на сваё гора і ўзгадаеш яго, як воды, што сплылі.

17 І быццам бы святло паўдзённае ўзыдзе для цябе пад вечар, і, калі ты падумаеш, што цябе пакрыла цемра, заззяеш, як зараніца.

18 І будзеш ты мець надзею, паклаўшы перад сабою спадзяванне, і, пахаваны, будзеш спаць спакойна.

19 Будзеш адпачываць, і не будзе каму цябе палохаць, і многія будуць запабягаць перад тваім абліччам.

20 А вочы бязбожных аслепнуць, і прыбежышча знікне ад іх, і надзея іх — знікненне».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы