ЁВА 10 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Абцяжарвае душу маю жыццё маё, распачну я прамову маю супраць сябе і буду гаварыць у горычы душы маёй! 2 Скажу я Богу: “Не асуджай мяне, а пакажы мне, за што Ты мяне так судзіш? 3 Ці добрым Табе здаецца тое, каб прыгнятаць і ганьбіць мяне, стварэнне рук Тваіх, а радзе бязбожнікаў спрыяць? 4 Ці ж і Ты маеш вочы цялесныя або, як чалавек бачыць, так і Ты будзеш бачыць? 5 Ці ж Твае дні, як дні чалавечыя, і гады Твае, як тэрмін чалавека, 6 што Ты шукаеш несправядлівасць маю і выведваеш грахі мае, 7 хоць Ты ведаеш, што я нічога бязбожнага не зрабіў, ды няма нікога, хто б з рукі Тваёй мог вырваць? 8 Рукі Твае зрабілі мяне і ўфармавалі мяне ўсяго цалкам, і так раптоўна Ты губіш мяне? 9 Успомні, прашу, што Ты апрацоўваў мяне, як гліну, і вернеш мяне ў парахно? 10 Ці Ты не выдаіў мяне, як малако, ды, як сыр, не зляпіў мяне? 11 У скуру і цела Ты апрануў мяне, умацаваў мяне касцямі і жыламі; 12 абдарыў Ты мяне жыццём і любоўю, і наведванне Тваё сцерагло дух мой. 13 Хоць хаваеш Ты гэта ў сэрцы Сваім, аднак ведаю я, што гэта было ў душы Тваёй. 14 Ты сочыш за мною, калі я зграшыў, і не паказваешся, каб я быў чысты ад правіннасці маёй. 15 Гора мне, калі я буду бязбожным, але хоць бы і быў справядлівы, дык і тады не падыму галавы, накормлены пакутамі і няшчасцем. 16 Калі б я ўзняўся ў ганарыстасці, Ты схапіў бы мяне, як ільвяня, і зноў пакажашся дзівосным ува мне. 17 Ты ставіш сведкаў Сваіх супраць мяне і павялічваеш гнеў Твой на мяне, і кары Твае будуць ваяваць са мною. 18 Навошта вывеў Ты мяне з улоння? Няхай бы я прапаў, каб вока не бачыла мяне! 19 Хай бы я быццам не быў, з улоння пайшоўшы ў магілу. 20 Ці ж нешматлікасць дзён маіх не скончыцца хутка? Адпусці ж мяне, каб троху суцішылася пакута мая, 21 перш чым я пайду ды не вярнуся ў зямлю цемры і засені смерці, 22 у зямлю змроку і цемры [смяротнай], дзе засень смерці і ніякага ладу, але дзе вечны жах пасяліўся”». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)