ЁІЛЯ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Слова Госпада, якое было да Ёэля, сына Патуэля: 2 «Слухайце гэта, старэйшыя, і настаўце вушы, усе жыхары зямлі! Ці было гэткае ў дні вашы або ў дні вашых бацькоў? 3 Раскажыце аб гэтым сынам вашым, а сыны вашыя сваім сынам, а сыны іх — наступным пакаленням. 4 Што засталося пасля вусеняў — з’ела саранча, што засталося пасля саранчы — з’елі чэрві, а што засталося пасля чарвей — з’елі жукі. 5 Прабудзіцеся, п’яніцы, і плачце! Наракайце ўсе, якія п’яце віно, дзеля маладога віна, бо знікла яно з вуснаў вашых! 6 Бо нахлынуў на зямлю маю народ, моцны і шматлікі; зубы яго, як зубы ў льва, і сківіцы львіцы ў яго. 7 Спустошыў ён вінаграднік мой, а фігавае дрэва маё на кавалкі паламаў; абдзёр яго дашчэнту і пакінуў, так што толькі галіны яго бялеюць. 8 Галасі, як дзяўчына, адзетая ў зрэбніцу, дзеля мужа маладосці сваёй. 9 Знікла ахвяра хлебная і вадкая з дома Госпада; плачуць святары, слугі Госпадавы. 10 Спустошана краіна, сумуе зямля, бо знішчана збожжа; сапсаваўся вінаградны сок, звяла аліўкавае дрэва. 11 Засаромцеся, земляробы, галасіце, вінаградары, дзеля пшаніцы і ячменю, бо прапала жніво на полі. 12 Засохла вінаградная лаза, ды звяла дрэва фігавае, дрэва гранату, і пальма, і яблыня, і ўсе дрэвы на полі павысыхалі; бо змарнела радасць паміж сыноў чалавечых. 13 Перапаяшыцеся ды плачце, святары, галасіце, слугі ахвярніка. Увайдзіце, апраніцеся ў зрэбніцу, слугі Бога майго, бо знікла з дома Бога вашага ахвяра хлебная і вадкая. 14 Прызначце пост святы, склічце сход, збярыце старэйшых, усіх жыхароў зямлі ў дом Госпада, Бога вашага, і ўсклікайце да Госпада: 15 “О гэты дзень!”» Бо блізкі ўжо дзень Госпадаў, і прыйдзе ён, як спусташэнне ад Усемагутнага. 16 Ці ж на вачах нашых не зніклі харчы, а з дома Бога нашага — радасць і весялосць? 17 Пагнілі зярняты пад сваімі скібамі; развалены гумны, разбураны свірны, бо высахла збожжа. 18 Што ж так сумна мыкае жывёла, бо не маюць яны пашы? Нават чароды авечак прападаюць. 19 Да Цябе, Госпадзе, клічу, бо агонь паеў пашу пустыні і полымя спаліла ўсе дрэвы палявыя. 20 Нават звяры палявыя ўздыхаюць да Цябе, бо павысыхалі крыніцы водаў ды агонь паглынуў стэпавыя пашы. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)