Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха) 51 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Малітва Ісуса, сына Сіраха: «Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе Валадару; і буду хваліць Цябе, Бога, Збаўцу майго. 2 Буду вызнаваць імя Тваё, бо стаў Ты для мяне Успаможцам і Абаронцам, 3 і Ты вызваліў цела маё ад загубы, ад пасткі ліхога языка і ад ілжывых вуснаў, і ад супраць мяне паўстаўшых, Ты стаў для мяне Успаможцам. 4 І вызваліў мяне дзеля вялікай міласэрнасці і імя Свайго ад пастак, падрыхтаваных, каб мяне з’есці, 5 ад рук, шукаючых душы маёй, ды ад многіх бед, што нахлынулі на мяне, 6 ад націску агню, які акружыў мяне, і з сярэдзіны агню, дзе я не згарэў; 7 ад глыбокага нутра пекла, і ад ачарняючага языка, і ад слова лгарства, і ад стралы языка несправядлівага. 8 Душа мая наблізілася аж да смерці, 9 ды жыццё маё было блізка да пекла на дне. 10 Зусюль яны акружылі мяне, і не было таго, хто б мне дапамог; шукаў я дапамогі людзей, і не прыйшла яна. 11 Тады ўспомніў пра міласэрнасць Тваю, Госпадзе, і дзейнасць Тваю спрадвечную, 12 бо ратуеш тых, што пакладаюцца на цябе, Госпадзе, і вызваляеш іх з рук ліхотнікаў. 13 Падняў я з зямлі маленне маё і прасіў аб вызваленні ад смерці. 14 Прызваў Госпада: «Ты Айцец мой, не кідай мяне ў дзень майго гора ды ў час пыхліўцаў – без дапамогі. 15 Буду без перапынку славіць імя Тваё і буду хваліць Яго ў вызнанні». І выслухана было маленне маё. 16 І вызваліў Ты мяне ад загубы, і вырваў мяне ў час ліхі. 17 Таму буду вызнаваць Цябе і хваліць Цябе буду, ды дабраслаўляць імя Госпада. 18 Калі яшчэ малады быў, пакуль стаў падарожнічаць, шукаў слуп мудрасці ў мальбе маёй; 19 перад святыняй прасіў у малітве пра яе, і аж да канца буду шукаць яе, і расцвіла яна, як скараспелы вінаград. 20 Узрадавалася з яе маё сэрца, нага мая пайшла простаю дарогаю, ад юнацтва свайго ішоў яе слядамі. 21 Нахінуў крыху вуха сваё і атрымаў яе, 22 і знайшоў я для сябе самога мудрасць, і меў вялікі поспех у ёй; 23 Таму, Хто дае мне мудрасць, аддам пахвалу. 24 Я бо рашыўся дзейнічаць паводле яе; і знайшоў дабро, і не пасаромлюся. 25 Душа мая дзейнічала дзеля яе, і ў справах маіх я быў дакладны. 26 Рукі свае выцягнуў я ўвысь і непазнавальнасць яе зразумеў. 27 Душу сваю накіраваў я да яе і старанна выконваў закон. 28 З ёю ад пачатку памясціў сэрца, дзеля таго не буду пакінуты. 29 Нутро маё ўзрушылася, каб шукаць яе; таму здабыў я добры здабытак. 30 Даў мне Госпад за плату язык мой, і ім буду славіць Яго. 31 Прыблізьцеся да мяне, ненавучаныя, ды збярыцеся ў дом навучэння. 32 Што вы яшчэ марудзіце ў гэтым, калі душы вашы прагнуць моцна?» 33 Адкрыў я вусны свае і сказаў: «Бярыце сабе без срэбра, 34 і нахіліце шыю вашу пад ярмо, і хай душа ваша ўспрымае павучанне: яго бо можна знайсці блізка. 35 Пабачце вачамі вашымі, што я мала папрацаваў ды знайшоў сабе вялікае супакаенне. 36 Набудзьце вучэнне за вялікую колькасць срэбра і здабудзеце за яго вельмі многа золата. 37 Хай цешыцца душа ваша ў міласэрнасці Яго, і не пасаромеецеся ў Яго славе. 38 Выконвайце справу вашу перад часам, і Ён дасць вам узнагароду вашу ў свой час». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)