Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха) 50 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Сымон, сын Оніі, першасвятар, ён пры сваім жыцці паправіў дом і ў днях сваіх узмацаваў святыню. 2 Таксама ім было пабудавана ўзвышнае месца для святыні – высокі падмурак для сцяны святыні. 3 У яго дні быў выраблены вадаём для вады, сажалка – як паверхня таго [меднага] мора. 4 Ён ухаваў народ свой ад рабаўніка і ўзмацаваў горад ад асады. 5 Як велічна выглядаў, калі глядзеў з палаткі, пры выхадзе з Дома Заслоны! 6 Быццам ранняя зорка сярод воблакаў, і як месяц у поўні ў днях свята, 7 і як сонца, што ззяе над святыняй Божай. 8 Як вясёлка, што блішчыць між воблакаў славы, і як кветка ружы ў час вясны, і як лілея пры крыніцы, і як кветка Лібана ў час лета, 9 і як зіхатлівы агонь і кадзіла, палаючы на агні, 10 і як каваная залатая пасудзіна, аздобленая рознымі каштоўнымі камянямі, 11 як дрэўца аліўкавае, што дае плады, і як кіпарыс, што падняўся пад воблакі, калі адзяваў ён пачэсныя шаты і ўбіраўся дзеля павелічэння пышнасці. 12 Калі прыступаў ён да святога ахвярніка, даваў славу бакавой сцяне свяцілішча. 13 І калі прымаў з рук святароў ахвярныя часткі, і сам стаяў каля ахвярніка, і кругом яго – світа братоў, выглядаў, як атожылак кедра на гары Лібана, 14 і кругом яго стаялі, як галінкі пальмаў, усе сыны Аарона ў сваёй славе. 15 Ахвяра ж Госпадава ў іх руках на віду ўсяго сходу Ізраэля, і, спаўняючы службу пры ахвярніку да заканчэння, каб правільна прынесці ахвяру Усемагутнаму. 16 Ён працягнуў руку сваю да ахвярнага ўзлівання, і адпіў ад вінаграднай крыві; 17 і выліў на падножжа ахвярніка, на прыемны пах Узвышняму Валадару. 18 Тады сыны Аарона загаманілі, затрубілі ў каваныя трубы, і паднялі вялікі гоман на памяць перад Богам Узвышнім. 19 Затым усе людзі разам з паспехам падалі на твар на зямлю, каб пакланіцца Госпаду Богу свайму, і памаліцца Усемагутнаму, Богу Узвышняму. 20 І, спяваючы, выхвалялі яго сваімі галасамі, і магутным рэхам адбіваўся мілагучны спеў. 21 І маліў народ Госпада Узвышняга і Міласэрнага аж пакуль спынілася хваленне Госпада; і яны споўнілі свой абавязак. 22 Затым, сыходзячы, падняў рукі свае на ўвесь сход сыноў Ізраэля, даць сваімі вуснамі дабраславенне Госпада, ды каб цешыцца Яго імем; 23 і паўторна падаў народ на твары свае, каб атрымаць дабраславенне Узвышняга. 24 І цяпер дабраславіце Бога сусвету, Які вялікія спраўляе рэчы на зямлі ўсёй, ад улоння маці нашае ўзвялічваючы дні нашыя і робячы з намі паводле Сваёй міласэрнасці. 25 Хай дасць нам радасць сэрца і хай настане мір у Ізраэлі ў наш час і ў векі вечныя; 26 каб верыў Ізраэль, што міласэрнасць Божая з намі, каб вызваляў нас у нашыя дні. 27 Душа мая ненавідзіць два народы, трэці ж не ёсць народ: 28 ён пражывае на гары Сэір, і філістынцаў, і прабываючых у Сіхэме, – народ неразумны. 29 Навуку мудрасці і выхавання апісаў я ў гэтай кнізе – Ісус, сын Сіраха, ерузалімец, які выліў мудрасць з сэрца свайго. 30 Шчасны, хто займецца гэтымі павучэннямі; хто ўкладвае іх у сваё сэрца – будзе заўсёды мудрым. 31 Калі бо так будзе рабіць, усё зможа, бо страх Госпадаў – шлях яго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)