Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне Кніга Юдыт 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І сыны Ізраэля, што пражывалі ў Юдэі, пачулі пра ўсё, што зрабіў народам Галафэрн, кіраўнік войска Набукаданосара, цара асірыйцаў, і як абрабаваў усе храмы іх і выдаў іх на знішчэнне. 2 І надта баяліся яго, за Ерузалім, за святыню Госпада, Бога свайго, надта непакоіліся, 3 бо нядаўна вярнуліся з няволі, ды нядаўна ўвесь народ пасяліўся ў Юдэі, і былі асвячоныя пасля спаганення пасудзіны, і ахвярнік, і святыня. 4 Ды паслалі ва ўсе канцы Самарыі вестуноў, і ў вёскі, і ў Бэтарон, і ў Абэлмайн, і ў Ерыхон, і ў Хобу, і ў Айсору, і ў даліну Салем. 5 І занялі ўсе вяршыні высокіх гор, і акружылі мурамі вёскі, што былі ў іх, і прыгатавалі забеспячэнне на выпадак вайны, бо нядаўна былі пажаты іх палі. 6 І вялікі святар Ёакім, які ў тыя дні быў у Ерузаліме, напісаў ліст жыхарам Бэтуліі і Бэтамэстая, што знаходзяцца над спускам насупраць Ездралона перад раўнінай каля Датайна, 7 загадваючы ім заняць праходы горныя, бо тут праходзіла дарога ў Юдэю і лёгка было ўтрымаць іх у час нашэсця, бо пераход быў вузкі нават для двух чалавек. 8 І зрабілі сыны Ізраэля, як загадаў ім вялікі святар Ёакім, які пражываў у Ерузаліме, ды старэйшыны ўсяго ізраэльскага народа. 9 Дый залямантаваў увесь Ізраэль да Бога з вялікаю настойлівасцю, і ўпакорылі душы свае вялікім постам; 10 самі яны, і іх жонкі, і іх дзеці, і іх жывёла, і кожны чужынец ды гандляр, і куплены за іх срэбра нявольнік усклалі на клубы свае зрэбніцы. 11 І ўсе мужчыны Ізраэля, і жанчыны, і дзеці, што пражывалі ў Ерузаліме, упалі перад уваходам у святыню і пасыпалі сабе галовы попелам ды паклалі зрэбніцы свае перад уваходам у святыню Госпадаву. 12 І ахвярнік абцягнулі зрэбніцай, і прызывалі Бога Ізраэля адзінадушна і безупынна, каб не аддаў дзяцей іх на рабаванне, і жанчын на здабычу, і гарады спадчыны іх на вынішчэнне, і святыні – на апаганенне і пасмяянне на радасць паганам. 13 І выслухаў Госпад прызыванне іх і пабачыў гора іх; ды посціў народ многія дні ва ўсёй Юдэі і Ерузаліме, і ўпалі яны перад уваходам у святыню Усемагутнага Госпада. 14 І вялікі святар Ёакім з усімі святарамі, стоячы ў прысутнасці Госпада і служачы Госпаду, падпяразаўшы сцёгны свае зрэбніцамі, складалі ахвяры цэласпалення безупынна, і прырачэнні, і добраахвотныя дары народа. 15 І на кідарах іх быў попел, ды прызывалі Госпада з усёй моцай, каб на дабро наведаў увесь дом Ізраэля. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)