Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне Кніга Юдыт 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І ў васемнаццатым годзе дваццаць другога дня першага месяца да Набукаданосара, цара асірыйцаў, прыйшла вестка ад магнатаў, што ён маніцца адпомсціць, як сказаў, усёй зямлі. 2 І склікаў усіх сваіх паслугачоў ды ўсіх сваіх магнатаў, і выдаў ім тайны свой намер, і сваімі вуснамі прадказаў усё гора зямлі; 3 і яны рашылі знішчыць кожнага з тых, хто не паслухаўся слова яго вуснаў. 4 І сталася, калі скончыў сваю нараду, Набукаданосар, цар асірыйцаў, паклікаў Галафэрна, кіраўніка войска свайго, які займаў па ім другое месца, 5 і сказаў яму: «Гэта кажа вялікі цар, валадар усяе зямлі: вось жа, ты пойдзеш ад майго імя ды возьмеш з сабой мужоў, упэўненых у сваіх сілах, са ста дваццаццю тысячамі пешых ды з мноствам коней, і з дванаццаццю тысячамі коннікаў; 6 ды вырушыш супраць усёй зямлі на захад, бо не паверылі загаду маіх вуснаў. 7 І абвесціш ім, каб прыгатавалі мне зямлю і ваду, бо я прыйду са злоснасцю сваёй да іх, ды пакрыю ўсю паверхню зямлі нагамі моцы маёй, ды аддам іх на здабычу, 8 і параненыя іх запоўняць даліны іх, і кожны ручай і рака запоўняцца іх трупамі. 9 І павяду іх палонных на край усёй зямлі. 10 Ты ж пойдзеш, і зоймеш для мяне ўсю зямлю аж да межаў, і яны скарацца табе, і ты іх захаваеш для мяне на дзень абвяржэння іх. 11 А тых, што не паслухаюць, хай не шкадуе тваё вока, каб аддаць іх на вынішчэнне і на здабычу ва ўсёй зямлі тваёй, 12 бо жыццём маім і моцай царства майго сказаў я і правяду ўсё гэта маёю рукой. 13 І ты не прапусціш ніводнага слова валадара твайго, але споўніш, як загадаў я табе, ды не замарудзіш, каб гэта выканаць». 14 І Галафэрн адышоў спрад аблічча валадара свайго, і сазваў усіх князёў, і кіраўнікоў, і намеснікаў асірыйскага войска, 15 і набраў адборных ваяроў у паход, як яму загадаў яго валадар: сто дваццаць тысяч, а коннікаў і лучнікаў дванаццаць тысяч. 16 І паставіў іх у баявым парадку, як рыхтуецца войска да бітвы. 17 І разам узяў вярблюдаў, і аслоў, і мулаў на патрэбы іх – вельмі шмат, і авечак, і валоў, і коз безліч ім на харчаванне, 18 прытым на кожнага чалавека многа ежы, і надта многа золата і срэбра з палаца царскага. 19 І адправіўся з Нінівы сам і ўсё войска яго ў паход, папераджаючы цара Набукаданосара, каб пакрыць усю паверхню зямлі на захад калясніцамі, і коннікамі, і адборнымі пешымі сваімі. 20 І вялікая мешаніна [войскаў] пайшла з імі, як саранча і як пясок зямлі; не злічыць мноства іх. 21 І выйшлі яны з Нінівы, ідучы тры дні ў напрамку раўніны Бэктылет, і над Бэктылетам паставілі палаткі свае каля гары, што налева ад верхняй Цыліцыі. 22 Затым узяў Галафэрн усё войска сваё, пешых, і коннікаў, і свае калясніцы, і адышоў адтуль у нагор’і, 23 і разбіў Пут і Луд, і абрабаваў усіх сыноў Расіса і сыноў Ізмаэля, якія пражывалі насупраць пустыні на поўдзень ад хелеяў. 24 І пераправіўся праз Эўфрат, і прайшоў праз Месапатамію, і разбурыў усе гарады ўзвышнія над ручаём Абронай, і дабраўся да мора. 25 І здабыў зямлю Цыліцыі, і разбіў усіх, хто яму супрацівіўся, ды дайшоў аж да паўднёвых граніц Яфэта, насупраць Арабіі. 26 І акружыў усіх сыноў Мадыяна, і спаліў іх палаткі ды захапіў іх статкі. 27 І спусціўся на раўніну Дамаска ў час жніва пшаніцы, і спаліў усе іх пасевы; авечак і жывёлу знішчыў, і гарады іх абрабаваў, і спустошыў іх зямлю, і ўсіх юнакоў іх знішчыў вастрыём меча. 28 І страх і жах ахапілі усіх прыморскіх жыхароў, што пражывалі ў Сідоне і Тыры, і жыхароў Сура і Ахіна ды ўсіх жыхароў Ямніі; і жыхары Азота і Аскалона і Газы надта перапалохаліся. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)