Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне Кніга Юдыт 13 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І калі настаў вечар, паслугачы яго паспяшаліся выйсці, і Багоя замкнуў палатку знадворку і аддзяліў прысутных ад свайго гаспадара. І яны ўсе пайшлі да пасцеляў сваіх, таму што ўсе былі змучаны, бо выпіта было надта многа. 2 А ў палатцы засталіся толькі сама Юдыт і Галафэрн, які ляжаў на сваёй пасцелі, бо ўпіўся віном. 3 І Юдыт сказала сваёй нявольніцы, каб стаяла яна знадворку спальні і пільнавала яе выхад, як і кожны дзень; бо яна сказала, што выходзіць на сваё маленне, і Багоі сказала тое самае. 4 І адышлі ад яго ўсе, і ніхто не застаўся ў яго спальні, ад найменшага аж да найбольшага. І Юдыт, стоячы каля галавы яго, малілася: «Госпадзе, Госпадзе, Божа Усемагутны, зірні ў гэтую хвіліну на дзейнасць рук маіх для ўзвышэння Ерузаліма. 5 Бо цяпер час адабраць спадчыну Тваю ды здзейсніць мой намер паразіць ворагаў, якія нахлынулі на нас». 6 Ды падышла да слупа пасцелі, што быў каля галавы Галафэрна, яна зняла з яго меч яго, 7 і, падышоўшы да пасцелі, узяла яго галаву за валасы ды сказала: «Божа Ізраэля, дай мне сілы ў гэты дзень, Госпадзе, Божа Ізраэля». 8 Ды ўдарыла яго двойчы з усёй сілы ў карак і адрэзала яго галаву ад яго. 9 І сапхнула яго цела з ложка, і зняла заслону яго са слупоў; і крыху пазней выйшла, і падала нявольніцы сваёй галаву Галафэрна, 10 і яна паклала яе ў сваю торбу з ежай сваёй, і выйшлі, як звычайна, абедзве разам, як быццам на малітву. І, прайшоўшы праз лагер, абмінулі ўсю даліну гэтую, і ўвайшлі на гару Бэтуліі, ды так дайшлі да яе брам. 11 І Юдыт ужо здалёку ад іх крычала да вартаўнікоў пры брамах: «Адчыніце, адчыніце браму! З намі Бог, Бог наш, каб выявіць яшчэ сілу ў Ізраэлі ды моц супраць нашых ворагаў, як гэта і сёння ўчыніў». 12 І сталася, калі гараджане пачулі голас яе, паспяшаліся дабрацца да брамы горада свайго і пазвалі старэйшын горада. 13 Ды збегліся ўсе ад найменшага аж да найбольшага, бо неверагодным здавалася ім, што яна вярнулася. І адчынілі браму, і прынялі іх, і, запаліўшы агонь, каб светла было, акружылі яе кругам. 14 Яна моцным голасам сказала ім: «Слаўце Госпада нашага, хваліце, бо не спыніў міласэрнасці сваёй адносна дому Ізраэля, але маёю рукою паразіў ворагаў нашых у гэтую ноч». 15 І, вымаючы з торбы сваёй галаву, паказала і сказала ім: «Вось галава Галафэрна, кіраўніка магутнага войска асірыйскага, і вось заслона, пад якой ляжаў, напіўшыся. І знішчыў яго Госпад рукою жанчыны. 16 Жыве Госпад, Які захаваў мяне ў дарозе маёй, якую прадузяла, бо звяло яго аблічча маё на пагібель яго, і не змог зграшыць са мною на маю ганьбу і на сорам». 17 І здзівіўся дужа ўвесь народ, і, упаўшы на зямлю, аддалі паклон Богу, і загаманілі ў адзін голас: «Дабраславёны будзь, Божа наш, Які ў сённяшні дзень знішчыў ушчэнт ворагаў твайго народа». 18 І адазваўся да яе Осія: «Дабраславёная ты, дачка, Богам Узвышнім над усімі жанчынамі, якія жывуць на зямлі. Ды дабраславёны Госпад, Бог наш, Які стварыў неба і зямлю, Які скіраваў цябе, каб адсекла ты галаву кіраўніку ворагаў нашых. 19 Бо не сціхне слава твая ў сэрцах людскіх, што памятаюць моц Божую, аж навечна. 20 І хай залічыць гэта табе Бог на славу вечную, хай узнагародзіць цябе дабром дзеля таго, што ты не пашкадавала жыцця свайго ў час пакарэння народа нашага, але супрацьстаяла пагібелі нашай, ступаючы дарогай правільнай перад абліччам Бога нашага». І ўвесь народ загаманіў: «Хай так будзе, хай так будзе!» |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)