Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне Кніга Юдыт 10 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І сталася, калі перастала прызываць Бога Ізраэля і закончыла ўсе гэтыя словы, 2 паднялася з прыгнёту свайго, і паклікала сваю паслугачку, ды пайшла ў свой дом, дзе прабывала ў суботы і святочныя дні свае. 3 І зняла зрэбніцу, у якую была апранута, і зняла з сябе адзенне ўдаўства свайго, і памыла цела сваё ў вадзе, і намасцілася духмянасцямі, і расчасала валасы на сваёй галаве, і ўсклала на галаву сваю мітру ды ўбралася ў адзенне прыгажосці сваёй, у якое ўбіралася ў дні жыцця мужа свайго Манасы. 4 І абула на свае ногі сандалі, і надзела нажныя кольцы, і бранзалеты, і пярсцёнкі, і завушніцы, і ўсе свае ўпрыгожанні, ды занадта ўпрыгожыла сябе, каб звярнуць на сябе вочы мужчын, якія яе ўбачаць. 5 І дала нявольніцы сваёй бурдзюк з віном, і пасудзіны з аліўкавым алеем, і напоўніла торбу ячменнай кашай, і кавалкамі фігавымі, і хлебам, і сырамі; звязала ўсе гэтыя пасудзіны і дала ёй. 6 І пайшлі да брамы горада Бэтуліі, і там сустрэлі Осію і старэйшын горада Бэтуліі, што стаялі там, Хабрына і Харміна. 7 Калі яны ўбачылі яе, і зменены быў выгляд яе, і зменена адзенне, здзівіліся надта і сказалі ёй: 8 «Хай Бог бацькоў нашых падаруе табе Сваю ласку і хай споўніць твае намеры на славу сыноў Ізраэля і для ўзвышэння Ерузаліма». 9 І яна, упаўшы на твар, пакланілася Богу і сказала ім: «Загадайце адкрыць мне гарадскую браму, каб пайсці і споўніць намеры, аб чым гаварылі вы са мною». І загадалі юнакам адкрыць ёй браму, як гаварылі, 10 і так зрабілі. І выйшла Юдыт сама і нявольніца яе з ёю; і наглядалі за ёй мужы горада, як узышла на ўзгорак, як прайшла лагчыну, і далей не бачылі яе. 11 І ішлі ў лагчыну напрасткі, і сустрэла іх першая асірыйская варта. 12 І затрымалі яе, і запыталі яе: «Чыя ты, і адкуль ідзеш, і куды ідзеш?» І сказала яна ім: «Я дачка гебраяў, і ўцякаю ад іх, бо выдадзены яны вам на здабычу. 13 І іду да Галафэрна, кіраўніка вашага моцнага войска, каб яму перадаць словы праўды, ды пакажу яму дарогу, якою ідучы, авалодае ўсімі ўзгоркамі, і не згіне з людзей яго ніводзін чалавек, ані жывая душа». 14 І калі ваяры пачулі словы яе і агледзелі твар яе – і была яна ў вачах іх проста цудоўная абліччам – сказалі ёй: 15 «Захавала ты жыццё сваё, на дабро спяшаючыся да гаспадара нашага. І цяпер ідзі ў палатку яго, і некаторыя з нас праводзяць цябе, пакуль даставяць цябе ў яго рукі. 16 А калі станеш перад ім, не май страху ў сваім сэрцы, але паўтары яму словы твае, і ён добра абыдзецца з табой». 17 І выбралі паміж сябе сто ваяроў, і праводзілі яе і яе нявольніцу ды завялі ў палатку Галафэрна. 18 І па ўсім лагеры сабраліся людзі, бо па ўсіх палатках разнеслі вестку аб яе прыбыцці. Дык збегліся яны і акружылі яе, калі стаяла яна каля палаткі Галафэрна, пакуль паведамілі яму аб ёй. 19 І дзівіліся яны на прыгажосць яе, ды слухалі словы яе, што былі надта мілыя, і хвалілі сыноў Ізраэля дзеля яе. І кожны казаў блізкаму свайму: «Хто можа пагарджаць такім народам, які мае ў сябе такіх жанчын? Нельга бо, каб застаўся хоць адзін мужчына з іх, што могуць падмануць увесь свет». 20 І выйшлі ўсе пакаёвыя Галафэрна і ўсе паслугачы яго, і ўвялі яе ў яго палатку. 21 І Галафэрн адпачываў на ложку сваім пад палогам, што быў з пурпуру і быў вытканы золатам, і ізумрудам, і найкаштоўнейшымі камянямі. 22 І паведамілі яму аб ёй. Калі ён пачуў, выйшаў у прысенак палаткі, і перад ім неслі вельмі шмат срэбраных лямпаў. І ўвялі яе да яго. 23 А калі Юдыт стала перад ім і перад яго паслугачамі, усе пахвалілі прыгажосць аблічча яе; і яна, упаўшы на твар, пакланілася яму, і паслугачы яго паднялі яе. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)