Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне

Кніга Тобіі 8 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 А калі перасталі есці і піць, захацелі спаць, і павялі юнака, і завялі яго ў спальню.

2 І прыпомніў Тобія параду Рафаэля, і выняў з торбы, якую меў, сэрца і печань рыбы і паклаў на попел каджэння.

3 І пах рыбы стрымаў дэмана, і ён уцёк у Верхні Егіпет. І Рафаэль пайшоў за ім, і звязаў яго там, і мігам вярнуўся.

4 І яны выйшлі, і замкнулі дзверы спальні. І Тобія падняўся з пасцелі і сказаў ёй: «Устань, сястрыца. Памолімся і папросім Госпада нашага, каб аказаў нам міласэрнасць і здароўе».

5 І падняўся і пачалі маліцца і прасіць Госпада, каб дадзена было ім здароўе. І пачалі маліцца: «Дабраславёны Ты, Божа бацькоў нашых, і дабраславёна імя Тваё ў векі вечныя. Дабраслаўляюць Цябе нябёсы ды ўсе Твае стварэнні ва ўсе векі!

6 Ты стварыў Адама і даў яму верную памочніцу Еву, і з іх абодвух узнік род чалавечы. І Ты сказаў, што не добра быць чалавеку аднаму: учыньма яму памочніцу, падобную да яго.

7 І цяпер не дзеля распусты бяру гэтую сястру сваю за жонку, але дзеля праўды. Злітуйся нада мной і над ёю і дазволь мне і ёй разам дажыць да старасці здаровымі».

8 І сказалі па чарзе: «Амін, амін!»

9 І спалі ўсю ноч.

10 І Рагуэль устаў, пазваў паслугачоў да сябе, і яны пайшлі і выкапалі магілу. Ён сказаў прытым: «Каб толькі ён не памёр, бо станем усім на пасмешышча і на ганьбу».

11 І калі ўжо магілу выкапалі, Рагуэль пайшоў дамоў і пазваў сваю жонку

12 і сказаў: «Пашлі адну з паслугачак, і хай, увайшоўшы, гляне, ці ён жывы, і, калі ён мёртвы, пахаваем яго, каб ніхто не ведаў».

13 Ды паслалі паслугачку, і запалілі лямпу, і адчынілі дзверы, і яна ўвайшла і ўбачыла, што яны ляжаць разам і спяць.

14 І паслугачка, вярнуўшыся, паведаміла ім, што ён жывы і нічога благога не сталася.

15 Ды дабраславілі Бога неба і сказалі: «Дабраславёны Ты, Божа, ва ўсім святым і чыстым дабраславенні, ды хай дабраславяць Цябе ўсе святыя Твае і ўсе стварэнні Твае; і ўсе анёлы Твае і ўсе выбраннікі Твае хай дабраславяць Цябе ва ўсе вякі.

16 Дабраславёны Ты, бо суцешыў Ты мяне, і не здарылася са мной, як я думаў, але паводле бязмежнй міласэрнасці Тваёй зрабіў Ты з намі.

17 І дабраславёны Ты, бо злітаваўся над двума адзінокімі. Акажы ім, Госпадзе, міласэрнасць і здароўе і дазволь ім скончыць жыццё ў ласцы і радасці».

18 Затым загадаў паслугачам сваім закапаць яму, пакуль не развіднела.

19 І жонцы сваёй загадаў, каб зрабіла яна шмат хлеба; і сам пайшоў да свайго статка, узяў дзвюх кароў і чатырох бараноў і загадаў іх прыгатаваць, дый пачалі прыгатаўляць.

20 І паклікаў Тобію ды сказаў яму з клятваю: «Не адыдзеш адсюль раней чатырнаццаці дзён, але застанешся тут, і будзеш есці і піць са мною, і суцешыш душу дачкі маёй, вялікім смуткам засмучаную.

21 І з таго, што я маю, возьмеш палову маёмасці, і пойдзеш у здароўі да свайго бацькі. І калі я памру і мая жонка, то і другая палова будзе вашай. Будзь мужны душою, сыне! Я твой бацька, і Эдна маці твая, і да цябе належым і да тваёй сястры цяпер і заўсёды. Будзь мужны душою, сыне!»

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы