Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне Кніга Тобіі 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І я вельмі засмуціўся ў душы, і, уздыхаючы, заплакаў, ды пачаў маліцца, цяжка ўздыхаючы: 2 «Справядлівы Ты, Госпадзе, і ўсе справы Твае справядлівыя, і ўсе шляхі Твае – міласэрнасць і праўда, і Ты судзіш увек. 3 І цяпер, Госпадзе, памятай пра мяне і зірні на мяне; ды не помсці мне за грахі мае і за нядбайнасць маю і бацькоў маіх, якімі яны зграшылі перад Табою, 4 бо не слухалі мы прыказанняў Тваіх, і аддаў Ты нас на здабычу, і ў няволю, і на смерць, і на пасмешышча, і на кпіны, і на пагарду ва ўсіх народаў, між якіх Ты нас рассеяў. 5 І зараз – многія і справядлівыя прысуды Твае, выкананыя на мне за грахі мае і маіх бацькоў, бо не рабілі мы паводле прыказанняў Тваіх, і не вялі сябе шчыра на віду ў Цябе. 6 Дык цяпер, што Табе падабаецца – рабі са мной, і загадай, каб прыняты быў дух мой, каб адарваўся я ад паверхні зямлі і стаў зямлёй, бо лепш мне смерць, чым жыццё, бо мушу слухаць ілжывыя дакаранні ды вялікі смутак апанаваў мяне. Загадай, Госпадзе, каб быў вызвалены я ад гэтае нядолі, і пусці мяне ў месца вечнае, і не адварочвай аблічча Твайго ад мяне, Госпадзе, бо лепш мне памерці, чым бачыць такую нядолю ў жыцці маім і слухаць дакоры». 7 У той самы дзень і Сара, дачка Рагуэля, які жыў у Эктабане, у Мідыі, ад адной з паслугачак свайго бацькі чула словы знявагі таму, 8 што была аддадзена за сем мужоў, і Асмадэй, найгоршы дух, забіваў іх, перш чым яны былі з ёй, як звычайна бываюць з жонкай. І сказала ёй паслугачка: «Ты тая, што душыш мужоў сваіх! Вось, выдана ты была ўжо сямі мужам, і ад ніводнага з іх не пачала. 9 Чаму нас караеш за мужоў сваіх, бо яны паўміралі? Ідзі з імі, і ад цябе не пабачым ані сына, ані дачкі павек». 10 У той дзень была дзяўчына вельмі маркотная ў душы і плакала, і пайшла ў верхні пакой бацькі свайго, і захацела павесіцца ў пятлі. І адумалася, і казала: «Каб часам не дакаралі майго бацьку і не казалі: “Адзіную меў ты дачушку, і тая павесілася з гора”; і давяду старога бацьку свайго ў смутку, у апраметную. Лепей мне не вешацца ў пятлі, але прасіць Госпада, каб памерці ды ўжо ў жыцці маім не чуць горкіх дакораў». 11 У той жа час, выцягнуўшы рукі да акна, малілася і сказала: «Дабраславёны будзь, Госпадзе, міласэрны Божа, і дабраславёна імя Тваё святое і слаўнае вечна. Хай дабраслаўляюць Цябе ўсе стварэнні Твае вечна. 12 І цяпер падымаю да Цябе, Госпадзе, твар мой і вочы мае. 13 Загадай мне пакінуць зямлю і не чуць ужо дакораў. 14 Ты ведаеш, Госпадзе, што я чыстая ад усякай заганы мужчыны 15 і не спаганіла імя свайго, ані імя майго бацькі на зямлі няволі маёй. Адзіная я ў бацькі майго, і ён не мае сына, які б займеў спадчыну яго, і не мае брата, ані сваяка, каб берагла я сябе яму за жонку. Ужо загінула ў мяне сем, і нашто мне яшчэ жыць? І калі не падабаецца Табе, Госпадзе, забіць мяне, то загадай, каб не была я пагарджана, і хай пашкадуюць мяне, каб не чула я ўжо дакораў». 16 І ў тую хвіліну маленне абаіх было выслухана перад абліччам святасці Божай, 17 і быў пасланы Рафаэль анёл, каб вылечыць абаіх: Табіэля, каб зняць яму бяльмо з яго вачэй, каб вачамі бачыў ён святло Божае, і Сару, дачку Рагуэля, каб яе даць Тобію, сыну Табіэля, за жонку і адагнаць ад яе найгоршага духа Асмадэя, бо Тобія мае першаснае права ўзяць яе ў жонкі перад усімі, якія хацелі з ёю ажаніцца. У той час вярнуўся Табіэль з панадворка свайго дома; і Сара, дачка Рагуэля, сышла з верхняга пакоя. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)