Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне Кніга Тобіі 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І пры цары Асархадоне вярнуўся я ў дом свой, і вярнулася да мяне жонка мая Ганна і сын мой Тобія. На Пяцідзесятніцу, наш святочны дзень, гэта значыць на свята Тыдняў, прыгатаваны быў мне багаты баль, і я ўзлёг, каб паесці. 2 І застаўлены быў для мяне стол, і ўбачыў я шмат страў, і сказаў я сыну свайму Тобіі: «Ідзі і прывядзі сюды, каго знойдзеш, беднага з братоў нашых, якія ёсць у няволі ў Нініве, якія помняць пра Госпада ўсім сэрцам сваім, і ён будзе есці разам са мною; вось, я чакаю цябе, сыне, пакуль не прыйдзеш». 3 І пайшоў Тобія шукаць якога-колечы беднага з братоў нашых, і, вярнуўшыся, сказаў мне: «Бацьку!» І я яму сказаў: «Вось я, сыне». І ён у адказ сказаў: «Бацьку! Вось, адзін наш зямляк быў забіты і ляжыць, кінуты на рынку, і там жа нядаўна толькі быў ён задушаны пятлёю». 4 Дык я выскачыў, кінуў страву, якую нават не пакаштаваў, і сцягнуў чалавека з плошчы, і памясціў яго ў адзін дом, чакаючы заходу сонца, каб яго пахаваць. 5 І, вярнуўшыся, я памыўся ды еў хлеб свой з сумам, 6 і прыпомніў сабе слова прарока Амоса, якое ён сказаў у Бэтэлі, кажучы: «І замяню святы вашы ў жалобу, а ўсе спевы вашы – у плач», 7 І я расплакаўся. І затым, калі сонца зайшло, пайшоў, і, выкапаўшы магілу, пахаваў яго. 8 І блізкія мае кпілі з мяне ды казалі: «Не баіцца яшчэ гэты чалавек, бо ўжо шукалі яго з-за гэтае справы, каб забіць, – і мусіў уцякаць, і, вось, ізноў хавае памерлых». 9 І той ноччу, як пахаваў яго, я памыўся, і выйшаў на панадворак мой, і лёг ля мура панадворка, і твар мой быў голы з-за спякоты. 10 І не заўважаў я, што на муры нада мною былі вераб’і, цёплы памёт якіх трапіў на мае вочы і выклікаў бяльмо. І я хадзіў да лекараў, каб вылечыцца, і тым больш вочы мае тухлі дзеля бяльма, чым больш мяне націралі мазямі, аж пакуль зусім не аслеп. І чатыры гады не карыстаўся я вачамі сваімі, і ўсе мае браты дзеля мяне сумавалі. Ахікар жа меў мяне на ўтрыманні два гады, а затым адправіўся ў Элімаіду. 11 У той час жонка мая Ганна за плату займалася жаночай працай – прала воўну. 12 І адсылала гэта гаспадарам іх, і яны ёй плацілі. Сёмага ж дня, месяца Дыстры спрала пражу і аддала яе гаспадарам, і яны поўнасцю заплацілі ёй і далі ёй за пражу казляня ад коз. 13 І калі казляня ўвайшло да мяне, стала бляяць. Дык я паклікаў яе і спытаў: «Адкуль гэта казляня? Можа, украдзенае, дык вярні яго гаспадарам яго; бо нам нельга есці штосьці крадзенае». 14 І яна сказала мне: «Дадзены ён мне як падарунак па-за платай». І я не верыў ёй, але сказаў, каб вярнула яго гаспадарам, і саромеўся з гэтай прычыны перад ёю. І ў адказ сказала яна мне: «І дзе твае міласціны? Дзе твае дабрадзействы? Вось, ты ўжо ва ўсім пераканаўся». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)