Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне Кніга Мудрасці 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Лепш бяздзетнасць з цнотаю; бо памяць аб ёй бессмяротная, бо мае прызнанне ў Бога і ў людзей. 2 Калі яна прысутнічае, то ёй наследуюць; і тужаць па ёй, калі адыдзе; і ў вечнасці ўвянчаная трыумфуе, перамогшы ў спаборніцтве беззаганным подзвігам. 3 Разнастайнае ж бязбожных мноства не будзе карысным, і з чужаложных атожылкаў парастак не запусціць глыбока карэнняў і не заложыць трывалага падмурка. 4 Калі хоць на час пазелянее галінамі, затрасе імі вецер, слаба ўрослымі, і ад моцных вятроў будзе вырваны. 5 Паламаюцца нямоцныя галіны – і плод іх бескарысны: і недаспелы для ежы, і ні да чаго не прыдатны. 6 Бо дзеці, народжаныя з незаконных начэй, ёсць сведкі нягоднасці супраць бацькоў у суджэнні сваім. 7 А справядлівы, хоць і памёр перад часам, знойдзе супачынак. 8 Старасць бо пачэсная не па даўгавечнасці і не па ліку гадоў вымяраецца: 9 сівізна ж – мудрасць людзей, і мерка старасці – жыццё беззаганнае. 10 Падабаючыся Богу, здабыў міласць Яго, а жывучы між грэшнікаў – перанесены быў; 11 забраны быў, каб ліхота не перавярнула розум яго або каб мара не падманула душы яго. 12 Бо чары пустаслоўя зацямняюць дабро і нясталасць пажадлівасці атупляе розум без вераломства. 13 Той, хто скора дасягнуў дасканаласці, перажыў многа часу; 14 душа бо яго спадабалася Богу, таму паспяшаўся вывесці яго спаміж злачыннасці. Людзі ж глядзелі і не разумелі, ані ўяўлялі ў сэрцы такое, 15 што ласкай і міласэрнасцю надзяляе Бог святых Сваіх і выпрабаванне – для выбраннікаў Яго. 16 Справядлівы памерлы асуджае жывых бязбожных, і хутчэй удасканалена маладосць, чым даўгавечная старасць ліхадзея. 17 Яны бо ўбачаць канец мудрага і не зразумеюць, што рашыў аб ім Бог і з якой мэтай абараніў яго Госпад. 18 Яны ўбачаць і пагардзяць, але Госпад высмяе іх. 19 І потым стануць яны, як труп без пашаны, і вечным пасмешышчам сярод памерлых, бо разарве іх, нястрыманых, без гуку, і ўзварухне іх ад асноў, і будуць знішчаны аж да самага астатку, і будуць у муках, ды памяць пра іх прападзе. 20 Са страхам прыйдуць разлічыцца з грахамі сваімі, і злачыннасці іх асудзяць у прысутнасці іх. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)