Biblia Todo Logo
Біблія онлайн

- Аб'явы -

Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне

Кніга Мудрасці 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Любіце справядлівасць, суддзі зямлі, разумейце Госпада ў Яго дабраце, шукайце Яго з прастатою сэрца,

2 бо дае Ён знайсці Сябе тым, хто не выпрабоўвае Яго, і выяўляе Сябе перад тымі, хто мае веру ў Яго.

3 Крывадушныя бо думкі аддзяляюць ад Бога, а выпрабоўваемая Моц карае нямудрых.

4 У ліхую бо душу не ўвойдзе мудрасць, і не абжывецца ў целе, спадняволеным грахамі.

5 Дух бо святы настаўлення ўцячэ перад хлуснёй, і ўхіліцца ад неразумных думак, і выгане яго надыходзячая злачыннасць.

6 Мудрасць бо ёсць дух, мілуючы людзей, і не пакіне блюзнерцу без кары дзеля яго вуснаў, бо Бог ёсць сведка яго сцёгнаў, і праўдзівы вартаўнік яго сэрца, ды слухач яго мовы;

7 бо Дух Госпадаў напаўняе сусвет, і Той, Хто пранікае ва ўсё, ведае ўсякую мову.

8 Таму той, хто гаворыць нягодна, не зможа схавацца, і не абміне яго караючы суд.

9 Намеры бо бязбожнага будуць даследаваны, а словы яго дойдуць да Госпада для асуджэння ліхіх яго ўчынкаў,

10 бо вуха руплівае чуе ўсё і гук мармытанняў не скрываецца.

11 Дык сцеражыцеся мармытання, якое нічым не дапамагае, і трымайце язык ад ліхой мовы, бо схаванае слова не пройдзе надарма; а лжывыя вусны забіваюць душу.

12 Не прыспяшайце смерці распусным вашым жыццём і не рыхтуйце сабе загубы справамі сваіх рук!

13 Бо Бог не стварыў смерці ды не цешыцца з гібелі жывых;

14 бо Ён стварыў усё для быцця і роды гэтага свету для здароўя; і няма ў іх смяротнага яду, і няма валадарства пекла на гэтай зямлі:

15 справядлівасць бо бессмяротная.

16 Бязбожныя ж сцягваюць яе на сябе словамі і дзейнасцю, думаючы, што яна прыяцелька; чахнуць і заключаюць з ёю прымірэнне, бо заслугоўваюць быць яе ўдзельнікамі.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы