Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне

Кніга Баруха 6 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 «Дзеля грахоў, якіх дапусціліся вы супраць Бога, будзеце заведзены ў няволю ў Бабілон царом Бабілонскім, Набукаданосарам.

2 Дык калі ўвойдзеце ў Бабілон, застанецеся там на надта многія гады і доўгі час, аж да сямі пакаленняў; а потым выведзе вас адтуль у супакоі.

3 А зараз убачыце, што ў Бабілоне нясуць на плячах багоў са срэбра, і золата, і дрэва, якія выклікаюць страх у паганаў.

4 Дык сцеражыцеся, каб не стаць падобнымі да чужынцаў ды каб страх перад імі не апанаваў вас.

5 А калі ўбачыце грамаду, што, ідучы наперадзе і за імі, будзе аддаваць ім пашану, вы скажыце сабе ў сэрцы сваім: “Цябе належыць шанаваць, о Госпадзе!”

6 Мой бо анёл з вамі; а ён будзе шукаць душ вашых.

7 Бо рамеснік адшліфаваў язык тым ідалам; самі ж яны, пазалочаныя і пасрэбраныя, ёсць ашуканства і не могуць гаварыць.

8 І, як дзяўчыне, якая любіць аздобы, яны, атрымаўшы золата, робяць вянкі на галовы сваіх багоў.

9 А таксама здараецца часам, што святары крадуць золата і срэбра ад сваіх багоў і выкарыстоўваюць іх на свае патрэбы, даюць таксама іх распусніцам у публічным доме.

10 І ўбіраюць іх, як людзей, у адзенне – багоў срэбраных, і залатых, і драўляных. Яны ж не могуць вызваліцца ад іржы і чарвяка.

11 Калі апранаюць іх у пурпуровыя шаты, сціраюць з іх твараў пыл дома, які на іх асядае надта багата.

12 І ён трымае скіпетр, быццам які валадар зямлі, які не зможа забіць, калі хто зграшыць супраць яго.

13 Трымае таксама правіцай меч і сякеру, але не вызваліць сябе ў час вайны ані перад злодзеямі.

14 Гэта ясная рэч, што яны не з’яўляюцца багамі; дык іх не бойцеся.

15 Як бо посуд пабіты становіцца чалавеку непатрэбным, такія і іх багі.

16 Калі яны змешчаны ў доме, вочы іх поўныя пылу, што паднімаецца з-пад ног уваходзячых.

17 І, як перад тым, хто зняважыў цара, пазамыканы бываюць усе залы, і, як на смерць прыведзенаму; святары забяспечваюць дамы іх дзвярамі, і замкамі, і засаўкамі, каб не былі абрабаваны злодзеямі;

18 каганцы запальваюць у вялікай колькасці, больш чым самім сабе, але багі іх, ніводзін з іх, бачыць не могуць.

19 Яны такія, як бэлькі ў доме; нутро ж іх, як кажуць, высмоктваюць чэрві, што вылазяць з зямлі; з’ядаюць іх разам з іх уборамі, а яны гэтага не адчуваюць.

20 Твары іх чорныя ад дыму, што падымаецца ў доме.

21 На целы іх і галовы злятаюцца совы і ластаўкі, ды іншыя птушкі, таксама і кошкі па іх лазяць.

22 Адсюль ведайце, што яны не багі; таму іх не бойцеся.

23 Бо золата, якое маюць вакол сябе для ўпрыгожвання, не будзе рдзець, калі хто ржы не сатрэ з яго; бо і калі іх вылівалі – не адчувалі.

24 Ды хоць бы былі куплены за вялікі кошт, няма ў іх духу.

25 Не маюць яны ног – іх носяць на плячах, паказваючы іх нікчэмнасць перад людзьмі; і сарамацяцца тыя, хто шануе іх, бо не падымуцца яны самі, калі часам упадуць на зямлю;

26 і калі хто яго проста паставіць, не зможа рухацца сам, а калі будзе пахілены – прама не стане; але, як памерлым, ускладаюць ім дары.

27 А святары іх ахвяры багам прадаюць на ўласны ўжытак; падобна і жонкі іх марынуюць для сябе часткі з іх і не даюць нічога беднаму або хвораму. Жанчыны іх у час месячнай кволасці, а таксама па родах дакранаюцца да ахвяр.

28 Адсюль ведайце, што яны не багі, ды не бойцеся іх!

29 Бо як жа назваць іх багамі? Бо жанчыны ўскладаюць ахвяры багам срэбраным, і залатым, і драўляным!

30 І святары сядзяць у храмах іх, маючы плашчы раздзёртыя і бароды і галовы паголеныя, галовы іх – голыя.

31 А рыкаюць і гамоняць перад багамі сваімі, як на вячэры пахавання.

32 Святары бяруць ад багоў уборы і апранаюць імі сваіх жонак і сваіх дзяцей.

33 І, калі хто багам што добрае зробіць або благое, не маюць магчымасці за гэта адплаціць; і не могуць таксама цара паставіць або выгнаць.

34 Не маглі таксама даваць ані багаццяў, ані медзякоў. Калі хто ім паабяцае і не аддасць, не будуць спаганяць.

35 Не вызваляюць чалавека ад смерці, ані слабейшага не выратуюць ад дужэйшага.

36 Сляпому чалавеку зроку не вернуць, не вызваляць чалавека ад нястачы.

37 Не злітуюцца над удавой і не паспагадаюць сіротам.

38 Яны драўляныя, і пазалочаныя, і срэбраныя, падобныя да камянёў з гары; а тыя, хто ім пакланяецца, пасаромеюцца.

39 Дык як таксама можна думаць аб іх, што яны багі, або іх так называць?

40 А таксама самі халдэйцы іх зневажаюць; калі ўбачаць кагосьці нямога, хто не можа гаварыць, прыносяць Бэла, просячы, каб ён абдарыў яго моваю, быццам ён можа чуць.

41 І не могуць яны пакінуць іх, калі зразумеюць; бо пагане розуму не маюць.

42 Жанчыны ж, падпяразаныя вяроўкамі, сядзяць пры дарогах, палячы высеўкі,

43 а калі якая з іх, залучаная якімсьці прахожым, пераспіць з ім, то будзе кпіць з суседкі, што не была так ушанавана, як яна, і што яе вяроўка не была парвана.

44 А ўсё, што з імі робіцца, ёсць ашуканства; дык як можна думаць або гаварыць, што гэта багі?

45 Рамеснікі і залацільшчыкі зрабілі іх, яны ёсць нішто іншае, як толькі тое, што хацелі майстры.

46 Таксама самі рамеснікі не пражывуць доўга, дык якім чынам іх творы могуць быць багамі?

47 Пакінулі бо сваім патомкам падман і ганьбу.

48 Калі бо прыйдзе час вайны і гора, тады святары між сабой радзяцца, дзе схавацца ім разам з багамі.

49 Дык як жа не зразумець таго, што не багі тыя, якія не могуць вызваліцца ад вайны і бяды?

50 Таму бо ведайце, што рэчы драўляныя, і пазалочаныя, і пасрэбраныя ёсць падман; усе народы дый усе цары хай ведаюць, што яны не багі, але творы чалавечых рук і што ніякае дзейнасці Божае ў іх няма.

51 Дык хто ж не пазнае, што яны не багі?

52 Бо цара над краем не паставяць ані дажджу не спашлюць людзям.

53 Спраў іх таксама не рассудзяць і не вызваляць земляў, якія церпяць крыўду, бо нічога не могуць, як вароны між небам і зямлёй.

54 Бо калі ўзнікне пажар у доме багоў драўляных, або пазалочаных, або пасрэбраных, – святары іх пры гэтым уцякуць і вызваляцца, а яны самі, як бэлькі ў сярэдзіне, згараць.

55 Не змогуць яны супрацьстаць ані цару, ані ворагу.

56 Дык як можа каму здавацца або можа хто думаць, што яны багі?

57 Багі драўляныя, і пазалочаныя, і пасрэбраныя ані перад злодзеямі, ані перад разбойнікамі не змогуць вызваліцца; яны дужэйшыя за іх, бо ад іх забяруць іх золата, і срэбра, і адзенне, што на іх, і адыдуць; і яны сабе не дапамогуць.

58 Дзеля таго лепш быць царом, які выяўляе сваю мужнасць, або карыснай у доме пасудзінай, якой можа карыстацца яе гаспадар, чым тымі фальшывымі багамі, або нават брамаю ў доме, якая пільнуе тое, што ў ім, і драўлянаю калонай у царскім палацы, чым фальшывымі багамі,

59 і сонца, і месяц, і зоркі паслухмяныя, калі свецяць, ды створаны, каб быць карыснымі;

60 падобна і маланка: калі з’явіцца, яе можна ўбачыць; таму таксама і вецер вее ў кожным месцы;

61 і хмары, калі атрымаюць ад Бога загад, каб праплываць над усёй зямлёй, спаўняюць гэты загад; таксама пярун, з вышыні пасланы, каб нішчыць горы і лясы, спаўняе тое, што было загадана,

62 а гэтыя ані выглядам, ані сілай не могуць з аніводным з іх параўняцца.

63 Адсюль не трэба думаць, што яны – багі, ані іх так называць, калі не могуць ані суд чыніць, ані спагадаць людзям.

64 Дык калі ведаеце, што яны не багі, то не бойцеся іх.

65 Не клянуць бо і не дабраслаўляюць цароў.

66 Паганам знакаў на небе не пакажуць, і не засвецяць, як сонца, ані не заззяюць, як месяц.

67 Звяры за іх мацнейшыя, яны могуць схавацца ў сховішча і так памагчы сабе.

68 Дык ніякім чынам нам не даказалі, што яны багі, таму не бойцеся іх.

69 Як бо страшыдла на градцы агуркоў нічога не сцеражэ, такія, вось, іх багі драўляныя, і пазалочаныя, і пасрэбраныя.

70 Такім жа чынам і ў садзе – белы церневы куст, на які садзіцца ўсякая птушка, і труп, выкінуты ў поцемках, – падобна багі іх драўляныя, і пазалочаныя, і пасрэбраныя.

71 Па пурпуры і вісоне, якія на іх кішэюць чарвякамі, пазнайце, што яны не багі; нарэшце іх саміх будуць грызці, і стануць яны на пасмяянне ў краі.

72 Дзеля таго лепш чалавек справядлівы, які не мае бажкоў, будзе бо ён далёка ад ганьбы».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы