Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне

Кніга Баруха 5 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Здымі з сябе, Ерузалім, вопратку смутку і гора свайго і апраніся ў прыгажосць яе, якая дадзена табе Богам на вечную славу.

2 Апраніся ў плашч справядлівасці, якая паходзіць ад Бога, і ўскладзі на галаву сваю вянец славы Спрадвечнага!

3 Бо Бог пакажа бляск твой усяму свету.

4 Імя бо тваё будзе названа Богам у вечнасць: «Супакой справядлівасці і слава пабожнасці Божай!»

5 Устань, Ерузалім, і стань на месцы высокім, і агляніся на ўсход, і пабач сабраных дзяцей сваіх ад усходу сонца аж да захаду па слове Святога, якія цешацца, што Бог аб іх памятае.

6 Выйшлі бо яны ад цябе пехатою, выведзеныя непрыяцелямі; а прывядзе іх да цябе Ён, дастаўленых з хвалою, як на пасадзе царскім;

7 бо вырашыў Бог панізіць усякую гару высокую і скалы вечныя і нізіны засыпаць да роўнасці зямлі, каб бяспечна мог ісці Ізраэль у славе Божай.

8 Па загадзе Госпада і лясы, і ўсе дрэвы пахучыя асяняць будуць Ізраэль.

9 Павядзе бо Бог Ізраэль з радасцю ў святле Сваёй велічы, з міласэрнасцю і справядлівасцю, якія ёсць у Яго.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы