Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне

Кніга Баруха 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 «Усемагутны Госпадзе, Божа Ізраэля, душа ў прыгнёце і дух прыгнечаны прызывае Цябе.

2 Выслухай, Госпадзе, і злітуйся, бо зграшылі мы перад Табой;

3 бо Ты трываеш навек, і мы вечна гінем.

4 Усемагутны Госпадзе, Божа Ізраэля, выслухай зараз малітву памерлых Ізраэля ды сыноў тых, якія зграшылі перад Табою, якія не паслухаліся голасу Госпада, Бога свайго, і нахлынулі на нас няшчасці.

5 Не памятай правіннасцей бацькоў нашых, але памятай пра руку Тваю цяпер і пра імя Тваё,

6 бо Ты ёсць Госпад, Бог наш, і хваліць Цябе будзем, Госпадзе,

7 таму што Ты даў боязь Тваю сэрцам нашым, каб прызывалі мы імя Тваё; ды будзем хваліць Цябе ў няволі нашай, бо адварочваем ад сэрцаў нашых усякую злачыннасць бацькоў нашых, якія зграшылі перад Табою».

8 Вось, мы сёння ў няволі нашай, дзе разагнаў нас на пасмешышча, ды на праклён, ды на ачышчэнне за ўсе злачынствы бацькоў нашых, якія адступілі ад Госпада, Бога нашага.

9 Слухай, Ізраэлю, загады жыцця: вазьмі ў вушы, каб пазнаць разважлівасць.

10 Што сталася, Ізраэлю? Чаму апынуўся ты ў зямлі непрыяцеляў?

11 Састарэў ты ў зямлі чужой, знішчаны ты нароўні з памерлымі, залічаны да тых, што сыходзяць у цемру.

12 Пакінуў ты крыніцу разважлівасці!

13 Калі б хадзіў ты па дарозе Божай, жыў бы ў супакоі вечна.

14 Навучыся, дзе ёсць разважлівасць, дзе ёсць мужнасць, дзе ёсць розум, каб пазнаць адначасова, дзе ёсць доўгае і шчаслівае жыццё, дзе ёсць святло вачам і супакой.

15 Хто знайшоў яе месца? І хто ўвайшоў у яе скарбоўню?

16 Дзе ёсць валадары народаў ды тыя, што валадараць над звярамі дзікімі, якія знаходзяцца на зямлі,

17 тыя, што забаўляюцца з птушкамі паднебнымі,

18 тыя, што збіраюць срэбра і золата, на якіх спадзяюцца людзі, ды няма канца сквапнасці іх; якія апрацоўваюць срэбра ды сумуюць, ды няма канца іх працы?

19 Зніклі яны ды ў цемру сышлі, а іншыя на іх месца прыйшлі.

20 Маладыя ўбачылі святло і абжыліся на зямлі; а дарогі разважлівасці не пазналі,

21 ані не зразумелі сцежак Яго, ані не прынялі яе сыны іх, і далёка ад дарогі яе апынуліся,

22 і не чулі аб ёй у Ханаане, і не бачылі яе ў Тэмане.

23 Таксама сыны Агар шукаюць мудрасці на зямлі, гандляры Мэрана і Тэмана, і басняры, і даследчыкі разважлівасці: дарогі, аднак, да разважлівасці не пазналі ды не ўспамінаюць аб сцежках яе.

24 О Ізраэлю, які вялікі ёсць дом Божы, ды якое вялікае ўладанне Яго!

25 Вялікі і не мае канца, высокі і бязмежны.

26 Там былі гіганты слаўныя, яны былі ад пачатку, рослыя ды здатныя да бою.

27 Не іх выбраў Бог і не ім даў шлях настаўлення,

28 і пагінулі, бо не мелі разважлівасці, папрападалі дзеля сваёй неразумнасці.

29 Хто падняўся ў неба і ўзяў яе, ды прывёў яе з хмараў?

30 Хто праплыў мора і знайшоў яе, і хто прывязе яе замест чыстага золата?

31 Няма нікога, хто б знайшоў яе дарогу ды хто б адзначыў яе сцежку.

32 Але Той, Хто ведае ўсё, ведае яе, знойдзе яе Сваёю разважлівасцю; Хто заснаваў зямлю на час вечны ды запоўніў яе жывёламі чатырохногімі,

33 Хто паслаў святло – і пайшло яно, пазваў яго – і паслухалася яно Яго з трымценнем.

34 А зоркі свецяць на сваіх вартах і цешацца.

35 Паклікаў іх – і яны адказалі: «Мы тут»; свецяць з радасцю Таму, Хто іх стварыў.

36 Ён – Бог наш, ніхто іншы не зможа з Ім зраўнавацца.

37 Прасачыў Ён усе дарогі настаўлення і даў яго паслугачу Свайму Якубу і Ізраэлю, міламу Свайму.

38 Потым убачана была на зямлі і пачала яна прабываць сярод людзей.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы